Мерапрыемстава пад назвай «Эх, ты доля мая…» адбылося ў пятніцу, 21 красавіка, у Лагойскім Цэнтры культуры. Яно прайшло з нагоды 20-годдзя «Жывіцы» і 30-гадовага юбiлею «Шчодрыцы». У гэты вечар не абышлося без творчых падарункаў, якія зрабілі сябры па мастацкаму цэху «Млечны шлях», «Акварэль» і «Суботка».
Пачалося выступленне з сумеснага выхада на сцэну двух калектываў-юбіляраў. Яны разам выканалі песню «За тихой рекой».
Вядучай канцэрта была добра вядомая лагайчанам гумарная Гандзя. Увесь час яна весялiла гледачоў сваімі каментарыямі і дзялілася з публікай уласнымі ўражаннямі ад творчасці калектываў.
Гандзя зрабiла невялікі экскурс у гістрыю «Шчодрыцы» і «Лагойскай жывіцы». Вядучая адзначыла, што заснавальнікам калектыву, якому споўнілася 30 гадоў, была Святлана Шубара, потым ім кіраваў Сяргей Шарамецьеў. Менавіта яго аўтарству належаць самыя вядомыя апрацоўкі песен. Потым «у руля» стала Ларыса Лашкевіч, а з 2021 года пявучымі дзяўчынамі кіруе Юлія Вахмякова.
Што датычыцца «Лагойскай жывіцы», то яе заснавальнікам стаў Міхаіл Дуганаў, потым яе мастацкiм кiраўнiком быў Уладзімір Мірончык. Зараз удзельнікі калектыву пад наглядам маладой Елізаветы Зезюлевіч.
Ансамблі выканалі свае хіты. Увесь час гледачы падтрымлівалі іх шчырымі апладысментамі і падпявалі добра знаёмыя песні. Падтрымаць сваю бабулю Наталлю з «Лагойскай жывіцы» прыйшла маленькая лагайчанка Вікторыя Харанека. Яна часта выбягала да сцэны і актыўна танцавала пад народныя мелодыі.
Вельмі незвычайна загучала ў сярэдзіне канцэрта песня «Талака» ў выкананні «Лагойскай жывіцы». Яе сучасная апрацоўка ў этна-электрытычным стылі надала гучанню асаблiвую празрыстасць і ўзнёслую прастору.
Выдатна у канцэрт упісаліся канцэптуальныя нумары сяброў па творчаму цэху «Млечнга шляху», «Акварэлі» і «Суботкі».
Не абышлося на святкаванні юбілею без хіта «Шчодрыцы» «Самаварчык», які зрабіў гэты калектыў вядомым не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.
На юбілей, каб павіншаваць калектывы, прыйшла загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзi Алена Сяліцкая. Яна выказала ў адрас юбіляраў шчырыя словы падзякі за іх творчасць і ўуручыла сертыфікаты на 2,5 тыс. руб. кожнаму.
Аляксандр Клімавец.