Новости
Рэпартаж з Лагойскага касцёла
Частка II
главное
593 дня(-ей) назад
2
4

 

​​​​​Суботнім вечарам 8 красавіка католікі з Лагойска і бліжэйшых вёсак сабраліся ў касцёл Святога Казіміра на галоўную імшу літургічнага года, узначаліў якую пробашч Лагойскай парафіі Войцех Вальчына.

Пасхальная вігілія пачалася ў касцёльным двары, дзе благаславілі агонь і запалілі пасхал - вялікую пасхальную свечку, якую потым перанеслі ў цэнтр храма. Полымя ад яе пералілося на маленькія свечкі ў руках вернікаў. Нездарма вечаровую імшу напярэдадні Святой Ночы называюць "літургіяй святла".

Падчас чытанняў Святога Пісання гучалі разважанні пра цуды, здзейсненыя Богам дзеля выратавання чалавецтва.

Ксёндз Войцех Вальчына ў сваім казанні заклікаў не баяцца выпрабаванняў, а запаліць святло веры ў сэрцах і, нягледзячы ні на што, верыць у Езуса Хрыста, які дзеля збаўлення людзей ад грахоў прыняў пакутніцкую смерць, а затым уваскрос. 

У прыгожа аздобленым касцёле гучалі шчырыя малітвы, узнёслыя спевы.

Падчас Літургіі Хросту прайшло асвячэнне вады і аднаўленне хросных абяцанняў. 

І вось нарэшце прагучалі радасныя словы пробашча: "Хрыстос уваскрос!" Парафіяне таксама радасна ўсклікалі: "Сапраўды ўваскрос!" Абвяшчаючы Уваскрашэнне Пана, вернікі тройчы абышлі святыню падчас урачыстай працэсіі.

На Пасхальнай вігіліі, як і раней у гэты дзень, у касцёле адбылося асвячэнне велікодных страў.

На працягу ўсяго велікоднага перыяду падчас імшы ў храме будзе запальвацца пасхальная свяча як сімвал нязгаснай веры, як сімвал таго, што Езус Хрыстус - сапраўднае святло свету.

Алена Масцерава.