У штогадовай навуковай дзіцячай канферэнцыі, якая прайшла ў суботу 19 лістапада ў гісторыка-краязнаўчым музеі, прынялі ўдзел прадстаўнікі васьмі гарадскіх і сельскіх школ. Усе работы былі аб’яднаны тэмай трагедыі мірнага насельніцтва падчас Вялікай Айчыннай вайны, што вельмі актуальна ў Год гістарычнай памяці.
Вучні выкарысталі шмат разнастайных крыніц, сярод якіх былі кніга «Памяць. Лагойскі раён», звесткі відавочцаў, артыкулы з газеты «Родны край», інтэрнэт-крыніцы, архіўныя дакументы і інш. Усе даклады суправаджаліся прэзентацыямі.
Навуковыя работы ацэньвала журы, у склад якога ўвайшлі старэйшы навуковы супрацоўнік музея Вера Казак, краязнаўца Аляксандр Паўлюковіч і карэспандэнт районнага выдання Аляксандр Клімавец.
Таксама на мерапрыемстве прысутнічалі госці - намеснік пракурора раёна Мікіта Валюшка і намеснік дэрэктара Лагойскай СШ № 1 па выхаваўчай працы Наталля Пляшкевіч.
Напачатку да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнулася дырэктар музея Святлана Гамеза. Яна нагадала, што ў годы акупацыі на тэрыторыі Беларусі фашысты здейснілі больш чым 140 карных апрецый і знішчылі 9200 вёсак.
Першай сваю работу прэзентавала Анастасія Адамовіч з Плешчаніцкай СШ № 1. Падмуркам для яе даследвання стала кніга Ізраіля Сегаля «Лясны бадзяга». У ёй аўтар апісаў катаванні плешчаніцкіх габрэяў. Вучаніца 11 класа расказала пра месца іх растрэлу ў гарадскім пасёлке, дзе было забіта 70 чалавек. Яно знаходзіцца каля сучаснай пажарнай часці. Сёння там стаіць помнік. Усяго карнікі забілі каля 1000 яўрэяў.
Сур'ёзна да навуковай работы падышоў Павел Жураўлёў з Астрошыц. Ён расказаў пра аперацыю «Котбус», эпіцэнтрам якой стаў Астрошыцкі сельсавет, і выкарыстаў ўспаміны відавочцаў тых злачынстваў.
Таксама хлопчык расказаў пра дзейнасць школьнага турыстычнага лагера «Крок», які займаецца гістарычнымі даследваннямі. Фішкай яго навуковай працы стала інтэрактыўная карта спаленых вёсак, якая знаходзіцца ў вольным доступе па спасылцы https://p.interacty.me/fa5ff56b9e61a041/iframe.html.
Самымі малодшымі ўдзельнікамі канферэнцыі былі вучні Сямкоўскай школы Міхаіл Якублевіч (4 клас) і Ульяна Жукоўская (5 клас). Дзеці паведамілі аб злачынствах гітлераўцаў на тэрыторыі сучаснага Бяларуцкага сельсавета.
Вельмі ўпэўнена перад аўдыторыя трымалася вучаніца 11 «Б» Лагойскай першай школы Ксенія Саболька. Яна закранула тэму забойства мірнага насельніцтва Гайны і Лагойска, якое адбылося 30 жніўня ва ўрочышчы Іванаўшчына. Удзельніца канферэнцыі правела анкетаванне аднакласнікаў на тэму генацыда і распрацавала экскурсійны маршрут, прысвечаны памяці ахвяр фашызма на Лагойшчыне. Яго працягласць — 58 км.
Пра генацыд мірнага насельніцтва Крамянца, Рудні і Калачоў і дэпартацыю на працу ў Германію расказаў Арцём Хмялеўскі. У сваёй рабоце ён таксама выкарыстаў дакументальныя звесткі з успамінаў сведкаў злачынстваў.
Вучань Лагазінскай школы Кірыл Смірноў падлічыў колькасць забітых сярод мірнага насельніцтва на Лагойшчыне. Лічба аказалась жудаснай — 14563 чалавека.
Добра падрыхтаваліся гімназісты Дар’я Дунец і Іван Верабей. Яны выкарысталі матэрыялы з раскопак, якія праводзіліся ва ўрочышчы Іванаўшчына.
Восьмым свой праект абараняў Сяргей Ельяневіч з Акцябра. Работа хлопца змяшчала вельмі цэнныя факсімільныя копіі дакументаў і паказанні ахвяраў фашызму.
Пасля для школьнікаў была арганізавана экскурсія па музейнай экспазіцыі, прысвечанай генацыду. У гэта час журы прымала складанае рашэнне аб тым, каго вызначыць пераможцам. Аляксандр Паўлюковіч падкрэсліў, што ўсе праекты былі моцныя.
У выніку дыпломы за трэцяе месца атрымалі Анастасія Адамовіч і Арцём Хмялеўскі. Другое месца занялі гімназісты Дар’я Дунец, Іван Верабей і Сяргей Ельяневіч.
Пераможцам стаў вучань Астрошыцкай СШ Павел Жураўлёў.
Прыз глядацкіх сімпатый атрымалі самыя малодшыя ўдзельнікі Міхаіл Якублевіч і Ульяна Жукоўская. Падзякамі за навуковую працу былі адзначаны Ксенія Саболька і Кірыл Смірноў. Усе ўдзельнікі атрымалі падарункі.
Скончылася навуковая канферэнцыя традыцыйным чаяваннем, падчас якога ўсе пачаставаліся смачным пірагом.
Аляксандр Клімавец.