Фінальным акордам рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу «Вучань года Мінскай вобласці – 2021». Свята сабрала таленавітых дзяцей у сярэдняй школе № 4 г. Стаўбцы ў пятніцу, 14 студзеня. На ім былі аб’яўлены імёны 25 лепшых вучняў, якія праявілі сябе ў вучэбнай, спартыўнай, грамадскай, творчай, праектнай і працоўнай дзейнасці. Гэта пераможцы рэспубліканскіх, міжнародных алімпіяд, канферэнцый, праектаў, конкурсаў, спартыўных і творчых, лідары грамадскіх аб’яднанняў, вучнёўскага самакіравання, валанцёрская руху. Усяго ў абласным этапе значылася 109 удзельнікаў.
Вучаніца 10 класа Плешчаніцкай СШ № 1 Лізавета Дзямешка была адзначана дыпломам у намінацыі «Грамадская дзейнасць». Ёй у ліку 25 лепшых вучняў цэнтральнага рэгіёна былі ўручаны памятныя сувеніры, кнігі, салодкія падарункі, падзячныя лісты для бацькоў. Віншаванне праходзіла з удзелам намесніка старшыні Мінаблвыканкама Івана Маркевіча і начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мікалая Башко.
Вучаніца з гарадскога пасёлка атрымала яшчэ адну спецыяльную ўзнагароду, якая ўручалася ўпершыню за 7 гадоў існавання конкурсу: яна стала пераможцай інтэрнэт-галасавання, якое праходзіла з 4 па 12 студзеня, набраўшы 5 тыс. 197 галасоў, і была ўзнагароджана сертыфікатам ад Мінскага абласнога аддзялення Беларускага Дзіцячага фонду.
Лізавета Дзямешка з’яўляецца старшынёй вучнёўскага самакіравання, прызёрам конкурсу «Падарожжа па малой Радзіме».
Дзяўчына займаецца краязнаўчай дзейнасцю, мае лідарскія якасці характару, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці школы.
На свяце ў Стаўбцах прысутнічалі таксама іншыя ўдзельнікі конкурсу з Лагойшчыны: Вячаслаў Ісачанка з Астрошыц і Мілана Паляковіч з райцэнтра.
Ім, як і астатнім удзельнікам мерапрыемства, былі ўручаны салодкія падарункі, а вучні ўстановы адукацыі, дзе адбывалася падзея, паказалі цудоўны спектакль.
На свяце былі адзначаны і пераможцы конкурсу «Здай макулатуру – выратуй дрэва!», а за актыўны творчы ўдзел у акцыі «Нашы дзеці» ўзнагароды атрымалі вучні СШ № 4 г. Стаўбцы і гімназіі-каледжа мастацтваў г. Маладзечна.
Алена Масцерава.
Фота Марыны Рабацень і Кацярыны Дзямешкі.