Новости
Выстава ёлачных цацак і навагодніх паштовак працуе да 19 студзеня
главное
1051 дня(-ей) назад
2
4

Новы год ужо наступіў, і калі вы адчулі, што святочны настрой пачаў знікаць, прыходзьце падмацаваць яго ў Лагойскі гісторыка-краязнаўчы музей імя К. і Я. Тышкевічаў. У імправізаваным казачным лесе можна прагуляцца сярод дзясяткаў ёлак, на якіх размешчаны экспанаты выставы «Тут жыве Новы год».

Калекцыя ёлачных упрыгажэнняў савецкага перыяду Галіны Жук з Бабруйска налічвае каля 100 цацак. Кожная ёлка – як асобная міні-выстава. Напрыклад, на адной можна ўбачыць цацкі-ледзяшы, на другой – шышкі, на трэцяй – шкляных насякомых, на чацвёртай – Дзедаў Марозаў і Снягурачак з розных рэспублік Савецкага Саюза. А на дзвюх навагодніх дрэўцах – фігуркі з казак Аляксандра Пушкіна.

Міні- і макрацацкі, прыгожыя навагоднія інсталяцыі на вокнах, утульная фотазона – у выставачнай зале музея можна нанова акунуцца ў казку і памарыць пра лепшае.

А яшчэ – пазнаёміцца з паштоўкамі з фондаў музея. Самая старэйшая з іх датуецца 1954 годам. Прыцягвае ўвагу не толькі выдатнае мастацкае афармленне паштовак, але і подпісы на іх. Напрыклад, у адной дзяўчынка просіць навагодняга дзядулю прынесці ёй цымбалы, а калі не атрымаецца – ляльку з сукенкамі.

Цікавы квэст па паштоўках падрыхтавалі супрацоўнікі музея для наведвальнікаў выставы. Падчас яго трэба падлічыць усе паштоўкі, снегавікоў, Дзедаў Марозаў, Снягурак і іншых персанажаў на іх. З такім арыгінальным заданнем выдатна справіліся вучні 5 – 6 класаў з гімназіі і СШ № 1 г. Лагойска, якія займаюцца ў гуртку і на факультатыве па духоўнасці і патрыятызме. Навуковы супрацоўнік Вера Казак уручыла за гэта школьнікам салодкія падарункі.

Дзеці са сваімі педагогамі – настаўніцай Таццянай Валовік і іерэем Аляксандрам Тарасевічам – з задавальненнем зрабілі агульны здымак у прыгожай фотазоне. Яны выходзілі з музея з цудоўным настроем, які можна атрымаць кожнаму, хто прыйдзе сюды на выставу.

Алена Масцерава. 

Фота аўтара.