Сёння ў Мінску праходзіў VIII Рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў «Беларускія таленты-2021» пры падтрымцы Беларускага саюза музычных дзеячаў, Рэспубліканскай музычнай гімназіі-каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі, Эстраднай школы талентаў. Лагойскі раённы цэнтр культуры, які выступаў у намінацыі «Эстрадны вакал, ансамбль» з творчым нумарам «Проста жыць», заваяваў Гран-пры.
Нумар быў падрыхтаваны з удзелам творчых калектываў і салістаў цэнтра культуры. Як расказаў дырэктар Лагойскага РЦК Яўген Зуб, на сцэне выступіла амаль 60 чалавек – як прафесійныя артысты, так і ўдзельнікі студый «Млечны шлях», «Акварэль», ансамбляў «Жывіца» і «Суботка».
У журы конкурсу ўвайшлі вядомыя педагогі па вакале, уладальнікі творчых прэмій, члены Беларускага саюза музычных дзеячаў пад старшынствам Нэлі Дукавай.
У пачатку месяца з гэтым жа нумарам цэнтр культуры прадстаўляў Лагойскі раён на абласным конкурсе народнага мастацтва «Напеў зямлі маёй», дзе нашы землякі былі адзначаны дыпломам за ўдзел.
Выступленне ў Палацы культуры МАЗ, дзе праходзіў конкурс «Беларускія таленты-2021», было высока ацэнена журы.
Акрамя дыплома Гран-пры нашы артысты атрымалі падарачны сертыфікат ад Эстраднай школы талентаў для далейшых творчых замыслаў і рэалізацый.
Віншуем землякоў!
Алена Масцерава.
Фота прадастаўлена Лагойскім РЦК.