Новости
У калектыве Белдзяржстраху абмеркавалі шэраг важных тэм
главное
1071 дня(-ей) назад
2
4

У рамках адзінага дня інфармавання 16 снежня ўпраўляючы Лагойскага райвыканкама Жана Папучэева правяла сустрэчу з калектывам прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Лагойскім раёне.

Першай тэмай, якую абмяркоўвалі на сустрэчы, стала ўнясенне паправак у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і правядзенне рэферэндуму, які плануецца на люты 2022 года. Жана Валер’еўна расказала, як праходзіла праца па распрацоўцы зменаў у Асноўны Закон, агучыла асноўныя палажэнні, якія могуць быць прыняты ў новай рэдакцыі: паняцце суверэнітэту, вызначэнне шлюбу як саюзу паміж мужчынам і жанчынай, пашырэнне функцый і паўнамоцтваў парламенту і мясцовых органаў улады, правядзенне адзінага дня галасавання дэпутатаў усіх узроўняў, заканадаўчае замацаванне статусу Усебеларускага народнага сходу і г. д.

Усяго, падсумавала выступоўца, змене падлягаюць 77 артыкулаў Канстытуцыі, плануецца ўвядзенне 11-ці новых, 2 ліквідуюцца і дадаецца новы раздзел.

Наступная тэма датычылася рэалізацыі ў нашай краіне Дэкрэта № 18. Жана Папучэева агучыла раённую статыстыку, паводле якой па стане на 1 лістапада на Лагойшчыне ў сацыяльна небяспечным становішчы знаходзілася 78 дзяцей з 37 сем’яў, з іх ва ўзросце да 3-х гадоў – дзевяцера дзетак.

Дырэктар прадстаўніцтва Галіна Бычкоўская адзначыла, што ў іх калектыве няма сем’яў, на якія б распаўсюджваліся нормы Дэкрэта № 18 , аднак яна звярнула ўвагу прысутных на тое, што ў соцыуме не павінна быць раўнадушных да гэтай тэмы. Калі хтосьці ведае пра выпадкі знаходжання маленькіх землякоў у небяспецы, трэба зрабіць усё неабходнае, каб змяніць гэту сітуацыю, галоўнае – не маўчаць.

Ажыўленне выклікала тэма кіберзлачынстваў, ад якіх церпіць усё большая колькасць жыхароў, у тым ліку нашага раёна. Усе прысутныя згадзіліся з высновай, што важна захоўваць бяспечныя паводзіны ў інтэрнэце.

Спецыялісты Белдзяржстраху скарысталіся магчымасцю расказаць прадстаўніку ўлады аб праблемах, якія іх хвалююць. Напрыклад, работнікі адзначылі,  што вялікая колькасць бадзяжных сабак у раёне РІЗ «Лугавы», а таксама ў мікрараёне Залатая горка нясе пагрозу мясцовым жыхарам. Жана Валер’еўна згадзілася, што гэту праблему трэба вырашаць, як і пытанне няправільнага выгулу сабак, за што жыхары горада рэгулярна атрымліваюць штрафы.

Прадстаўнікі калектыву выказалі пажаданне ўзнавіць патруляванне людных месцаў райцэнтра супрацоўнікамі ППС, каб прадухіліць магчымыя парушэнні.

Алена Масцерава.