У аўторак, 14 снежня, у Мінску ўрачыста адкрылася рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», якая працягнецца да 14 студзеня 2022 года. У цырымоніі адкрыцця з удзелам намесніка Прэм’ер-міністра Ігара Петрышэнкі прынялі ўдзел 15 вучняў з Лагойскага раёна.
У рамках акцыі на Лагойшчыне плануецца правядзенне шэрагу мерапрыемстваў.
Ва ўсіх установах адукацыі і культуры пройдуць ранішнікі, маскарады, у прыходах і парафіях – калядныя тэатралізаваныя пастаноўкі, у спартыўна-аздараўленчых установах – навагоднія турніры, першынствы і спаборніцтвы, спартакіяда «Абаронцы айчыны».
Школы правядуць конкурс цацак «Навагодні БУМ».
У Лагойскім цэнтры культуры з 23 па 28 снежня будуць паказваць навагоднюю казку «Хроники Нарнии: шкаф, Ледяная Королева, или как спасти Новый год».
Кіраўніцтва раёна наведае са святочнымі віншаваннямі Дамы сямейнага тыпу ў Лагойску, Гасцілавічах і Косіна. У рамках акцый «Навагодняя казка ў сям’ю», «Цуды на Новы год», «Падарункі ад чараўнікоў» пройдзе віншаванне дзяцей-інвалідаў. Дзед Мароз са Снягурачкай наведаюць маленькіх пацыентаў лагойскай бальніцы.
У мастацкай галерэі 15 снежня пачне працу выстава-кірмаш «Зімовыя россыпы» народнага клуба майстроў «Скарб зямлі Лагойскай».
Цыкл мерапрыемстваў «Навагодняя карусель» плануецца з 20 снежня па 6 студзеня ў Лагойскім гісторыка-краязнаўчым музеі імя К. і Я. Тышкевічаў. Там жа адкрылася інтэрактыўная выстава «Антыкварная навагодняя цацка».
Дабрачынны марафон па зборы спонсарскіх сродкаў на падарункі пройдзе 27 снежня. У гэты ж дзень шасцёра школьнікаў з нашага раёна прымуць удзел у Галоўнай ёлцы краіны, а 28 снежня 10 чалавек паедуць на абласную ёлку ў г. Маладзечна.
Святочныя канцэрты каля навагодніх ёлак збяруць жыхароў горада і пасёлка 1 студзеня новага года з 1.00 да 3.00.
Алена Масцерава.