У нядзелю, 5 снежня, у Лагойскім раённым цэнтры культуры прайшоў канцэрт Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята». Выступленне заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь стала сапраўдным падарункам для жыхароў і гасцей райцэнтра.
Публіка эмацыйна адгукалася на беларускія народныя і аўтарскія песні, выкананыя сольна, дуэтам ці ўсім складам ансамбля пад жывое інструментальнае суправаджэнне. Зала горача вітала апладысментамі пяшчотнае сапрана Вікторыі Катляровай, глыбокі альт Кацярыны Булатоўскай і звонкія галасы іншых артыстаў.
Паміж песеннымі нумарамі харэаграфічнымі замалёўкамі захаплялі гледачоў Вольга Казякоўская і Віталь Смусянок.
Кожнага ўдзельніка ансамбля прадстаўляў яго мастацкі кіраўнік Вячаслаў Статкевіч, які не толькі прыгожа спяваў, але і сыпаў жартамі, гумарэскамі, напрыклад: «Усю дарогу вецер свішча, хутка еду я ў Ізбішча». Гэты населены пункт саліст успомніў невыпадкова: адтуль родам баяніст ансамбля Ігар Дзіўкоў, які ўжо 200 дзён адслужыў у пагранвойсках і быў адпушчаны камандаваннем спецыяльна на канцэрт у Лагойску.
На выступленне прыехалі і бацькі маладога музыканта, якія разам з іншымі гледачамі ў зале пачулі прэм’еру песні «Я шчаслівы», праспяваную Вячаславам Статкевічам пад акампанемент Ігара Дзіўкова.
Ансамбль «Свята» быў створаны ў 1984 годзе пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі, а сёлета яго мастацкі кіраўнік, уладальнік медаля Францыска Скарыны, адсвяткаваў сваё 50-годдзе. Юбілейны канцэрт Вячаслава Статкевіча «Я сэрца аддам Беларусі» трансліраваўся ў суботу, 4 снежня, на тэлеканале «Беларусь 3».
Алена Масцерава.