Новости
Юныя даследчыкі адправіліся ў «Кулінарнае падарожжа»
главное
1093 дня(-ей) назад
2
4

Менавіта такая тэма ў гэтым годзе была абрана для ХІ раённай дзіцячай канферэнцыі «Тышкевіцкія чытанні». Адной з галоўных мэтаў конкурсу стала вывучэнне гісторыі кулінарных традыцый нашага раёну. У ходзе падрыхтоўкі школьнікі збіралі звесткі пра стравы, якія характэрны для іх мясцовасці. Удзел у штогадовым мерапрыемстве, якое сёлета праводзілася дыстанцыйна, прынялі вучні і іх навуковыя кіраўнікі з дзевяці школ Лагойшчыны. Кожны з іх запісаў на відэа прэзентацыю абароны свайго праекта. Ролікі былі не большыя за 10 хвілін.

Журы, у склад якога ўвайшлі выкладчык беларускай мовы і літаратуры гімназіі г. Лагойска Людміла Пількевіч, старэйшы новуковы супрацоўнік гісторыка-краязнаўчага музея Вера Казак і карэспандэнт рэдакцыі, уважліва прагледзілі прадастаўлены канкурсантамі матэрыял.

Хочацца адзначыць, што юныя навукоўцы дасканала папрацавалі на зададзеную тэму, выкарыстоўваючы розныя крыніцы. На старонках дакладаў былі рэцэпты, запісаныя ад вяскоўцаў, узятыя з кулінарных кніг, журналаў, інтэрнэту.

Дзесяцікласніца з Плешчаніцкай СШ № 1 Елізавета Дзямешка прадаставіла ролік, у якім сама гатавала традыцыйную для яе мясцовасці страву: бульбу, запечаную са скабачкамі. Акрамя таго яна запісала, як пячэ хлеб па сямейным рэцэпце, што атрымала ў спадчыну ад бабулі.

Маляўнічым і змястоўным атрымаўся дадатак да працы, прадастаўленай Ганнай Чур з Астрошыцкай школы. Дзяўчынка запісала ад сваіх землякоў шмат цікавых рэцэптаў і змясціла іх у алфавітным парадку. Адразу  –  спосабы прыгатавання закусак, затым – першых страў, другіх, напояў і гэтак далей. Чаго тут толькі не было: клёцкі, капуста, поліўка, калдуны, каўбаса, мачанка, мяса з цыбуляй, наліснікі, зацірка, сырніца, яечня-калатуха, камы, дранікі, кляновік, хлебны квас і інш. Да кожнага з рэцэптаў быў зроблены фотаздымак.

Цікавым выйшаў даклад Марыі Новікавай з Завішына. У сваёй працы васьмікласніца зрабіла ўпор на літаратурныя творы. Былі тут цытаты пра стравы з паэмы «Новая зямля» Якуба Коласа. Дзяўчынка ўзгадала святочнае застолле на Каляды і ў Вялікдзень.

Дасканала да працы падышла вучаніца Коранскай школы Юлія Фядосенка. Акрамя шэрагу рэцэптаў, якія яна запісала ад жыхароў сваёй вёскі, дзяўчынка правяла ў школе анкетаванне, з якога даведалася, аб якіх стравах з яе парцы сёння ведаюць вучні, якія з іх гатуюць іх матулі. Лідарам у апытанні стала манная каша.

Сямікласніца Калачаўскай школы Кацярына Пратасоўская ў сваім праекце зрабіла апісанне мясцовай кухні графоў Тышкевічаў, у якім расказала пра пасол агуркоў. У дадатку дзяўчынка змясціла сцэнарый аўтэнтычнага свята «Бульба-бульбачка». Таксама ўдзельніца выканала вершаваныя радкі Ніла Гілевіча, змест якіх сведчыць аб кулінарных перавагах нашых землякоў.

У суботу ўсе ўдзельнікі і іх навуковыя кіраўнікі прыедуць ў гісторыка-краязнаўчы музей для атрымання ўзнагарод. Тут іх будзе чакаць традыцыйны пірог, які лагойскія кандытары спецыяльна выпякаюць да «Тышкевіцкіх чытанняў».

Аляксандр Клімавец.

Фота Святланы Жолуд.