Новости
Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый пачаў працу па новым адрасе
главное
1119 дня(-ей) назад
2
4

У пятніцу, 29 кастрычніка, пасля рамонту адкрыўся былы будынак Лагойскай МТС «Райаграсервіс» па вуліцы Перамогі ў райцэнтры, куды пераехаў Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Лагойскага раёна.

З пачатку года па верасень рамонтныя работы на фасадзе і знутры будынка выконвалі спецыялісты МПМК-198. Яны ж праводзілі добраўпарадкаванне тэрыторыі. Электрамантажнымі і сантэхнічнымі работамі займаліся супрацоўнікі цэнтра.  

Перад уваходам заасфальтавана прасторная пляцоўка, змяніўся і знешні выгляд будынка. Усе памяшканні ў ім абноўлены, абсталяваны пакой для прыёму ежы, кабінеты сталі светлымі і ўтульнымі.

У будынку камфортная тэмпература паветра – тут газавае ацяпленне.

Як зазначыў упраўляючы Цэнтра Сяргей Шорац, працы на тэрыторыі яшчэ хопіць: трэба яе азеляніць, пабудаваць гаражы для школьных аўтобусаў.

Чырвоную стужку на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця разам з Сяргеем Андрэевічам пераразаў старшыня Лагойскага райвыканкама Аляксандр Ласевіч.

– Вельмі сімвалічна, што нядаўна створаная арганізацыя пераехала ў новы будынак, – адзначыў кіраўнік раёна. – Раней вашы структурныя падраздзяленні былі раскіданы па розных адрасах, а сёння адным цэлым калектывам вы будзеце выконваць пастаўленыя задачы. Жадаю, каб у вас усё атрымалася. 

Найлепшыя пажаданні работнікам выказаў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзімір Жданеня, які ўручыў ім памятны падарунак.

Далей гасцей чакала экскурсія па будынку, які адчыніў свае дзверы для 93-х супрацоўнікаў Цэнтра.

– Асноўнай мэтай нашай установы, створанай у 2020 годзе, з’яўляецца ўдасканаленне прававога рэгулявання фінансава-гаспадарчай дзейнасці бюджэтных арганізацый, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў, – патлумачыў Сяргей Шорац.

Карацей кажучы, установы адукацыі, культуры, спорту выконваюць сваю профільную работу, а вырашэннем пытанняў, звязаных з бухгалтарскімі паслугамі, правядзеннем дзяржзакупак, рамонтам і тэхнічным абслугоўваннем дзяржмаёмасці і іншымі кірункамі гаспадарчай дзейнасці, займаецца Цэнтр.

– Адна з нашых галоўных задач, якую трэба ажыццявіць у бліжэйшы час, - гэта мадэрнізацыя сістэм ацяплення ва ўстановах сацыяльнай сферы, – адзначыў упраўляючы Цэнтра.

Алена Масцерава.