Новости
З Лагойска вывезлі больш за 200 кг крышачак
главное
1122 дня(-ей) назад
2
4

У рамках рэспубліканскага экатурнэ ў Лагойску 26 кастрычніка пабываў спецыяльны аўтамабіль, які пры фінансавай падтрымцы кампаніі «Coca-Cola у Беларусі» збірае крышачкі па ўсёй краіне. Жыхары нашага раёна сабралі 11 вялікіх мяшкоў – гэта крыху больш за 200 кг.

Валанцёр з Мінска Валерый Кіянко перад гэтым пабываў у Маладзечна, дзе забраў 27 мяшкоў, у Вілейцы (15), а пасля райцэнтра яшчэ накіроўваўся ў Смалявічы, Жодзіна, Барысаў і Астрашыцкі Гарадок.

Усяго ж з 25 кастрычніка па 6 лістапада плануецца сабраць крышачкі ў 50 населеных пунктах ва ўсіх абласцях Беларусі.

Як вядома, праект «Новае жыццё ў абмен на крышачкі» працуе ў нас з 2018 г. Практычна са сметніка дастаюцца грошы, якія накіроўваюцца на дабрачынныя справы. На працягу 2020 г. валанцёры «СацыяЭкаЦэнтра» адправілі на перапрацоўку 55,06 тоны крышак, за якія выручылі каля 20 тыс. рублёў на лячэнне хворых дзяцей.

А ўжо за 9 месяцаў 2021-га сабрана 35,12 т. пластмасавых крышак.

Два гады таму да праекта далучыўся Павел Алімаў. Ён працуе начальнікам транспартна-гаспадарчага аддзела прадпрыемства «Трайплфарм», а ў вольны час дапамагае праекту тым, што на сваім аўтамабілі прыязджае да валанцёраў за крышачкамі, якія тыя назбіралі, і захоўвае іх у сваім гаражы. Потым па магчымасці адвозіць іх у Мінск, адкуль вялікімі партыямі крышачкі адпраўляюцца на перапрацоўчыя заводы.

– Калі было аб’яўлена пра экатурнэ, то да мяне пачалі звяртацца жыхары горада і раёна, якія актыўна збіраюць крышачкі, – адзначыў лагайчанін. – Усяго я аб’ехаў каля 25 адрасоў. Удзел у праекце не вымагае вялікіх высілкаў, затое дазваляе дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

Дарэчы, нашы землякі прадастаўлялі не толькі крышачкі, але і мяшкі, у якіх зручна транспартаваць другасную сыравіну.

У марах Паўла – устанавіць спецыяльныя кантэйнеры ў буйных гандлёвых кропках райцэнтра, каб усё больш лагайчан далучалася да праекта. Магчыма, у некага, хто чытае гэтыя радкі, ёсць магчымасць дапамагчы іх купіць альбо зварыць з металу (ці зрабіць з пластмасы)? 

У праект запрашаюцца арганізацыі, прадпрыемствы, установы адукацыі, дзе дастаткова толькі ўстанавіць ёмкасці для збору крышачак – і людзі ахвотна адгукнуцца на прапанову. Чым болей удзельнікаў – тым большай колькасці дзетак мы разам зможам дапамагачы. А яшчэ – унесці ўклад у захаванне чысціні навакольнага асяроддзя.

Алена Масцерава.

Фота Святланы Жолуд.