Новости
У Плешчаніцах прайшло пахаванне астанкаў чырвонаармейца-ўраджэнца Лагойшчыны Уладзіміра Стаховіча
главное
1136 дня(-ей) назад
2
4

У Плешчаніцах на брацкіх могілках прайшла ўрачыстая цырымонія пахавання астанкаў удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, сувязіста 1-й танкавай дывізіі 1-га танкавага палка Уладзіміра Стаховіча, які загінуў восенню 1941 года ў баях у Карэліі.

Астанкі ураджэнца в. Сакалы колішняга Плешчаніцкага раёна знайшлі падчас раскопак байцы пошукавага атрада «Адзінства» 7 мая 2020 года на тэрыторыі Пражынскага раёна Рэспублікі Карэлія ў раёне пасёлка Падвозера. Тады быў знойдзены медальён з запіскай, па якой устанавілі асобу салдата.

На пахавальнай цырымоніі прысутнічалі сваякі героя вайны, афіцэры і курсанты Ваеннай акадэміі, прадстаўнікі Міністэрства абароны, раённай улады, жыхары Плешчаніц, вучні мясцовых школ, спецыялісты «Пошукавага руху Расіі», якія прывезлі астанкі воіна ў Беларусь.

Са словам памяці і смутку да прысутных звярнуўся старшыня Лагойскага райвыканкама Аляксандр Ласевіч:

– Паважаныя жыхары пасёлка, землякі, госці, сёння мы разам са сваякамі, прадстаўнікамі падрастаючага пакалення сабраліся правесці ў апошні шлях героя Вялікай Айчыннай вайны. Уладзімір Сямёнавіч загінуў у далёкім 1941 годзе, абараняючы нашу Радзіму. Гэты салдат аддаў сваё жыццё за тое, каб мы сёння жылі пад мірным і спакойным небам, вучыліся і працавалі на роднай беларускай зямлі. Слова  вялікай удзячнасці хачу перадаць пошукаваму атраду за тое, што яго байцы і ў снег, і ў дождж, і ў спёку, і сцюжу праводзяць патрэбную і ўдзячную працу па пошуку герояў вайны. Вялікі дзякуй усім тым, хто дапамагаў нашаму герою вярнуцца на Радзіму, гэты шлях расцягнуўся на 80 гадоў, а цяпер няхай ён спачывае на роднай зямлі. Вечная памяць герою.

Наступным слова ўзяў намеснік Міністра абароны па тыле - начальнік тылу Узброеных Сіл генерал-маёр Андрэй Бурдыка.

– Сёння гістарычная падзея, – сказаў Андрей Валяр’янавіч, ураджэнец г. п. Плешчаніцы. – У нас, ваенных, ёсць павер’е: вайна не закончылася да таго часу, пакуль прах апошняга салдата не пахаваны з адпаведнай пашанай. Зараз мы жывём ў свеце, дзе некаторыя апаненты хочуць нам паказаць, што нашы дзяды, прадзеды не былі вялікімі палкаводцамі і пераможцамі. Але мы патомкі тых, хто былі сапраўднымі пераможцамі! Толькі наш чырвонаармеец, гінучы, пісаў: «Паміраю, але не здаюся!» Так што, Уладзімір Сямёнавіч, спі спакойна, а мы будзем працягваць тыя традыцыя, якія вы распачалі.

Член каардынацыйнага савета «Пошукавага руху Расіі», які займаецца ўвекавечваннем памяці тых, хто загінуў пры абароне Айчыны, Антон Таргашоў расказаў, што кожны год з зямлі падымаецца звыш 18 тысяч байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, што загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Толькі за мінулы год было ўстаноўлена больш за тысячу імёнаў. Ён перадаў медальён, сапёрную рыдлёўку і зямлю з месца гібелі Уладзіміра Стаховіча праўнуку Уладзіславу Стаховічу, курсанту Ваеннай акадэміі, які, не ведаючы, што прадзед быў сувязістам, выбраў менавіта гэты накірунак службы.

На цырымоніі прысутнічалі і іншыя сваякі воіна, якія разам з усімі ўдзельнікамі ўшанавалі памяць героя хвілінай маўчання.

З малітоўным словам звярнуўся да прысутных айцец Сергій, які адслужыў ліцію па воіну Уладзіміру.

Пад музыку ваеннага аркестра і залпы ў неба ганаровы каравул апусціў прах героя ў магілу. Яго сваякі і ганаровыя госці кінулі на яе па жменьцы зямлі ў знак развітання і пашаны.

Да магілы воіна былі ўскладзены кветкі.

Пасля заканчэння цырымоніі сваякі Уладзіміра Стаховіча дзякавалі прадстаўнікам пошукавага руху за тое, што іх родны чалавек нарэшце вярнуўся на Радзіму.

Рэліквіі, якія яны атрымалі ў гэты дзень, будуць захоўвацца ў сям’і і перадавацца з пакалення ў пакаленне як памяць пра таго, хто абараняў мірнае неба нашай зямлі.

Алена Масцерава.