Ужо добрай традыцыяй стала ўручэнне Ордэнаў Маці менавіта 14 кастрычніка. Сёлета ў гэты дзень ганаровыя дзяржаўныя ўзнагароды атрымалі тры жыхаркі Лагойскага раёна: Анжаліка Палянская з Алекшыц, Святлана Халадзінская з Лагойска і Ала Бялькевіч з Лагазы.
Цырымонія ўручэння праходзіла ў Лагойскім ЗАГСе. Да віноўніц урачыстасці звярнуўся старшыня Лагойскага райвыканкама Аляксандр Ласевіч:
– Ад усяго сэрца віншую вас з Днём маці. На самой справе, вы вялікія малайцы, таму што выбралі свой жыццёвы шлях у карысць вялікай і моцнай сям’і. Гэта вельмі адказны крок, бо выхоўваць пяць і болей дзяцей складана, трэба ўкладваць шмат духоўных і фізічных сіл. Віншую вас з атрыманнем такіх высокіх узнагарод і хачу адзначыць, што вы з’яўляецеся прыкладам не толькі для сваёй сям’і, блізкіх, але і для ўсяго грамадства. Жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, каб вашы дзеткі прыносілі вам толькі вясёлыя і радасныя эмоцыі.
Аляксандр Георгіевіч уручыў ордэны і падарункі тром матулям, падтрымаць якіх прыйшлі і іх сем’і.
Музычныя віншаванні ад работнікаў Лагойскага раённага цэнтра культуры і дзіцячай школы мастацтваў дапамаглі стварыць добры, душэўны, сапраўды сямейны настрой святу, якое праслаўляе мацярынства.
Алена Масцерава.