Новости
Валанцёры прыбраліся ў лясной паласе райцэнтра
главное
1152 дня(-ей) назад
2
4

Ужо трэці год запар лагайчане збіраюцца на «Генеральную прыборку» лясной паласы ў раёне вуліцы Мінскай у райцэнтры. Гэтым разам суботнік планавалася правесці 18 верасня, але перашкодай сталі дрэнныя ўмовы надвор’я, таму яго перанеслі на тыдзень наперлад. Магчыма, таму ў нядзелю, 26 верасня, сабралася ўдвая менш удзельнікаў у параўнанні з мінулым годам. Але і смецця, шчыра кажучы, было нашмат менш, чым летась. І гэта не магло не радаваць.

Пачалі па традыцыі з нізіны, праз якую праходзіць шлях з вуліцы Залатая горка на Мінскую. Тут, у лагчыне, рэгулярна збіраюцца кампаніі, каб адпачыць з алкаголем. Пра гэта сведчаць шкляныя бутэлькі ад гарэлкі, цэлыя і пабітыя, пластыкавыя – ад піва і салодкіх напояў, ну, і вядома, пачкі ад чыпсаў – як жа без іх. Усё смецце ў залежнасці ад матэрыялу сартавалася ў розныя мяшкі.

У выніку назбіралася некалькі вялікіх пакетаў, якія вывезлі на аўтамабілі да бліжэйшых кантэйнераў.

У рове гэтым разам таксама было менш смецця, аднак адна з арганізатараў прыборкі, лагайчанка Алена Крукоўская, знайшла тут піўную бутэльку з маленькай мёртвай мышкай усярэдзіне. Гэта, на жаль, наглядны вынік небяспекі забруджвання жывой прыроды пластыкавым посудам…  

Падымаючыся ўверх, у бок Мінскай, удзельнікі суботніка заўважылі цэлую смеццевую «паляну».

Віноўнікамі яе з’яўлення, былі, хутчэй за ўсё, падлеткі, аб чым гаварыла вялікая колькасць пустых бутэлек з-пад энергетыкаў. Тут знаходзіліся і даволі дзіўныя экзэмпляры – спадарожнікавая антэна, дарожны конус, дзіцячы веласіпед і нават матрац.

Дарэчы, быў час зрабіць невялікі перапынак ад працы, таму валанцёры арганізавалі часовую смеццевую інсталяцыю, на фоне якой зладзілі жартоўную фотасесію, што дапамагло ўзняць настрой.

Прыборка цягнулася ўжо трэцюю гадзіну, таму знойдзеныя «экспанаты» транспартавалі ўверх да кантэйнераў на Мінскай, а суботнік завяршылі зборам смецця на вяршыні гары і потым – гарачай гарбаткай з печывам.

У выніку валанцёры прыбралі толькі невялікую тэрыторыю лесу. Ён вельмі прыгожы, і гэта трэба цаніць. Нават мухаморы ў ім выглядаюць весела і святочна.

Аднак каб навесці парадак уздоўж усёй вуліцы, трэба папрацаваць яшчэ не адзін дзень, бо, на жаль, колькасць смецця сярод дрэў і кустоў сведчыць аб тым, што далёка не ўсе нашы землякі клапоцяцца пра чысціню навакольнага асяроддзя.

Алена Масцерава.