Новости
Стрытбол, бадмінтон, валейбол: хто перамог у чарговым этапе раённай спартакіяды
главное
1153 дня(-ей) назад
2
4

У суботу, 25 верасня, у фізкультурна-аздараўленчым комплексе «Лагойск» сабраліся самыя актыўныя прыхільнікі спорту і здаровага ладу жыцця. І хоць на 4-ты этап спартакіяды «Здароўе» зарэгістраваліся толькі 4 каманды з усяго раёна, у зале было зусім нясумна.

Адкрываючы спаборніцтвы, намеснік дырэктара ФАЦ «Лагойск» Ірына Кругленя пажадала ўдзельнікам пазітыву, спартыўнага настрою і выдатных вынікаў. І гэта бадзёрая энергетыка адчувалася на працягу ўсяго дня.

Інтэнсіўнай гульнёй пачалі першую частку праграмы – стрытбол – зборныя Астрошыцкага сельсавета і прадпрыемства «Мінаўта». Услед за імі змагаліся за кошык калектыў фізічнай культуры «Лагаза» і зборная ВУП «Амкадор-Лагойск».

У выніку напружаных паядынкаў амкадораўцы сталі лідарамі турнірнай табліцы па стрытболе, за імі размясціліся гульцы «Мінаўта », Астрошыц і Лагазы.

Як адзначыў суддзя гэтага віду спорту Аляксандр Папкоў, тры каманды набралі аднолькавую колькасць ачкоў, таму пераможцу выбіралі з улікам забітых і прапушчаных мячоў.

Паралельна са стрытболам не менш сур’ёзная барацьба ішла на другой палове спартыўнай залы, дзе парамі гулялі ў бадмінтон, які патрабаваў ад суддзі Сяргея Лазарэвіча асаблівай пільнасці і ўважлівасці.

Чэмпіёнам па падзеннях можна было назваць удзельніка з Лагазы Яўгена Лукшыца: ён вельмі стараўся прынесці пераможныя ачкі сваёй камандзе.

У пары з Анастасіяй Рабікавай Яўген Лукшыц стаў бронзавым прызёрам. За ім размясціліся Дзяніс Мілашэўскі і Юлія Лашкевіч з «Мінаўта» і на 5-й пазіцыі – Арына і Мацвей Лазюкі з Чудзеніч, якія ўдзельнічалі толькі ў гэтым відзе спорту.

А «срэбра» ў бадмінтоне заваявалі Дзмітрый Гусакоўскі і Кацярына Храмава з «Амкадора», «золата» – Наталля і Ігар Лазюкі, якія выступалі за Астрошыцы.

Наталля расказала, што вельмі цікава было гуляць з дастойнымі сапернікамі, кожны з якіх вызначаўся сваім непаўторным стылем.

Яе з мужам, а таксама Арыну і Мацвея Лазюкоў падтрымлівалі іх дзеці, якія з задавальненнем прыязджаюць са сваімі бацькамі на трэніроўкі на лагойскім стадыёне.

Заключным спаборніцтвам стала гульня ў валейбол, якую выйгралі лагазінцы. Другое і трэцяе месцы занялі адпаведна «Амкадор» і «Мінаўта», чацвёртае – гульцы з Астрошыц.

Па суме ўсіх набраных балаў дыплом пераможцы 4-га этапу раённай спартакіяды атрымала каманда «Амкадор-Лагойск», другое і трэцяе месцы падзялілі «Астрошыцы» і «Лагаза», якія апынуліся на роўных пазіцыях. Замкнулі турнірную табліцу спартсмены «Мінаўта».

– Хацелася б выказаць асаблівую ўдзячнасць прадстаўнікам усіх гэтых каманд за тое, што яны ўвесь час прымаюць актыўны ўдзел у спартакіядзе і іншых спаборніцтвах,– адзначыла Ірына Кругленя.

– Адразу бачна, што людзі разумеюць: спорт, рух – гэта спосаб атрымаць зарад бадзёрасці, захаваць і ўмацаваць здароўе,– лічыць спецыяліст.

Безумоўна, патрэбна, каб і іншыя арганізацыі адгукаліся на запрашэнні прымаць удзел у падобных мерапрыемствах. І ў іх з’явіцца такая магчымасць 23 кастрычніка, калі плануецца правядзенне пятага этапу раённай спартакіяды.

Алена Масцерава.  

yii\base\ErrorException
Error

PHP Core Warningyii\base\ErrorException

Module 'mysqli' already loaded