Новости
Пачаўся жнівень: надвор’е і прыкметы
главное
1207 дня(-ей) назад
2
4

Другі дзень жніўня, як і абяцалі сіноптыкі, пачаўся з дажджу. Якое ж надвор’е абяцаюць у наступныя дні? З аўторка па суботу прагназуецца ў сярэднім +20-24 градус, воблачна з праясненнямі, часам дождж, у чацвер і пятніцу – навальніцы і ўзмацненне ветру.

У суботу таксама чакаюцца ападкі, а ў нядзелю тэмпература паветра павысіцца да 25 градусаў цяпла. Затым зноў у сярэднім будзе 20-22.

Па народным календары, 2 жніўня – Ілля. Паводле прыкмет, дождж у гэты дзень абяцае добры ўраджай збожжавых у наступным годзе. Калі на Марыю Магдалену 4 жніўня будзе навальніца – значыць, удасца насушыць шмат сена, верылі нашы продкі. Дождж на Макарыя, 7 жніўня, сведчыў, што зімой будзе цёпла, але снежна.

Асабліва прыглядаліся да надвор’я на Спасы. Калі 14 жніўня, на Мядовы Спас, свяціла сонца – чакалі вялікага прыплоду. Сухое надвор’е на Яблычны Спас, 19 жніўня, сведчыла пра такую ж восень. А адлёт апошніх журавоў на Арэхавы Спас, 29 жніўня, абяцаў халодны Пакроў у кастрычніку.     

З апошнім месяцам лета звязаны наступныя прыказкі: жнівень сее, жне і косіць – на сталах багацця ўдосталь. Жнівеньскі дзень год корміць. У жніўні сярпы грэюць, ды вада халодзіць. Хто ў жніўні гуляе, той узімку галадае. У жніўні і верабей піва варыць.

Усім утульнага жніўня!

Падрыхтавала Алена Масцерава.