Анлайн-этап праходзіў 26 ліпеня і сабраў каманды з усёй краіны, кожная з якіх складалася з 7 гульцоў ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў.
У выніку напружанай барацьбы з 33 каманд наперад выйшлі 7 зборных з розных гарадоў. Наш «Цільтонскі ордэн» узначаліў пераможны спіс, набраўшы самую вялікую колькасць балаў. Каманду прадстаўлялі лагайчане Вітольд Машчанкоў, Павел Лашкевіч, Аліна Дудко, Кацярына Салодкая, а таксама Павел Барбук і Ксенія Місюра з Чэрвеня і Юлія Семакова з Нясвіжа .
Паўфінал конкурсу адбудзецца 31 ліпеня ў Мінску, у Лошыцкім парку. А затым гульцы каманды-лідара пазмагаюцца ў фінальным туры паміж сабой.
Пераможца атрымае ад МТС MacBook Pro 2021 або грант у 5 тысяч рублёў на аплату анлайн-курсаў SkillBox.
Падрыхтоўкай каманды займаліся Ірына Вабішчэвіч і Вадзім Кузміч. Трэнер з Лагойска, дарэчы, на мінулых выхадных разам з аднадумцамі арганізаваў юбілейны, дзясяты, турнір па інтэлектуальных гульнях на прыродзе «Дровушки». У ім прынялі ўдзел 65 каманд і 450 чалавек! Гэта было адно з самых маштабных інтэлектуальных мерапрыемстваў 2021 года.
Жадаем далейшых поспехаў і перамог лагойскім інтэлектуалам!
Алена Масцерава.