На мосце праз раку Гайну па вуліцы Савецкай у Лагойску ўтварылася дзіра. Фотаздымак з ёй даслала нам сёння, 25 чэрвеня, падпісчыца акаунта газеты «Родны край» у інстаграме.
Адправіўшыся на ўказаны аб’ект, мы сапраўды ўбачылі на бетонным мосце правал дыяметрам і глыбінёй каля паўметра. Дзіра размяшчаецца ў самым пачатку моста, калі ісці ад царквы ў бок «Лагойскага пасажа».
Перад мостам, злева ад пешаходнай дарожкі, праваліўся грунт, у якім адкрыта ляжыць кабель, што цягнецца ад бліжэйшага ліхтара.
У пятніцу ў рэдакцыю звярнуўся яшчэ адзін жыхар Лагойска, каб расказаць, што з другога боку гэтага ж моста на драўлянай прыстані, дзе раней можна было ўзяць напракат катамаран, таксама ўтварыліся выбоіны.
Там сапраўды ў двух месцах адсутнічае па дошцы, а каля ніжніх цэментных прыступак, па якіх спускаюцца да прыстані, можна лёгка ўваліцца ў раку Гайну, бо там адсутнічае адразу некалькі дошак, замест якіх пад нагамі – вада.
Побач з лавачкамі і столікамі стаяць два слупы, на якіх, напэўна, павінна быць інфармацыйная таблічка.
На другім баку моста, які вядзе да касцёла, адкрыта ляжыць кабель, які хутчэй за ўсё забяспечвае электрычнасцю бліжэйшыя ліхтары.
У райвыканкаме наконт дадзеных праблемных пытанняў нам адказалі, што яны будуць вырашаны да 3 ліпеня. А пакуль, паважаныя лагайчане і госці райцэнтра, будзьце асцярожныя!
Алена Масцерава.
Фота Святланы Жолуд.