Новости
Ліквідавалі парыў, ратавалі пацярпелых, узнаўлялі электразабеспячэнне: на Лагойшчыне прайшлі вучэнні
главное
1247 дня(-ей) назад
2
4

Як будуць дзейнічаць службы і арганізацыі раёна пры ўзнікненнні надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, высвятлялася падчас камандна-штабных вучэнняў 23 чэрвеня. У іх прынялі ўдзел службы камгаса, ветстанцыі, РЭС, Лагойскай ЦРБ і г.д.

Пачалі з тэорыі, калі кожны кіраўнік арганізацыі агучыў план дзеянняў падчас надзвычайных сітуацый. З дакладамі на гэту тэму выступілі прадстаўнікі РЭС, бальніцы, раённага філіяла райспажыўтаварыства і іншыя. 

Затым тэарэтычная частка адпрацоўвалася на практыцы. На вуліцы Завадской у райцэнтры змадэлявалі наступную сітуацыю: у выніку парыву цеплатрасы паблізу скульптуры Божай Маці без ацяплення засталіся шматкватэрныя дамы на Мінскай, Гайненскай шашы, Залатой горцы, Савецкай, а таксама бліжэйшыя школы і дзіцячыя садкі. Камунікацыі знаходзяцца на балансе РУП «Лагойскі камгас», аварыйная брыгада якога выехала на месца.

Кіраваў працэсам ліківідацыі магчымай аварыі галоўны інжынер Дзмітрый Юрчанка. Сігнал пра парыў атрымала дыспетчар і перадала яго аварыйнай брыгадзе, якая прыехала на месца з выконваючым абавязкі майстра цеплавых сетак Сяргеем Пусікавым.

Тэрыторыя з умоўным парывам была агароджана, экскаватарам адкапалі трубу, знайшлі месца парыву, аб чым галоўны інжынер папярэдзіў дыспетчарскую.

Яшчэ некалькі этапаў – на кожным з іх папрацавалі адпаведныя спецыялісты – і цеплатраса без пашкоджанняў. Можна ўключаць запорную арматуру, запітваць сістэму і тэлефанаваць дыспетчару, што аварыйная сітуацыя ліквідавана.

Як паведаміў старшы інжынер сектара арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны Яўген Зелянко, гэта тыповая сітуацыя, з якой камгас неаднаразова сутыкаўся, таму парадак дзеянняў адпавядаў зацверджанаму плану, а аўтамабіль ГАЗ – 3309 быў укамплектаваны ўсім неабходным абсталяваннем. З заўваг: на праблемным участку не хапала знакаў, якія б папярэджвалі пра тое, што тут ідуць рамонтныя работы.

На павароце з шашы Лагойск-Калачы у бок філіяла «Беланы» спыніліся аўтамабілі Лагойскай райветстанцыі. Тут быццам бы адпрацоўвалася наступная сітуацыя: паблізу філіяла знайшлі закапаныя трупы свіней, і аналізы пацвердзілі наяўнасць у ім штама афрыканскай чумы свіней. Таксама паступіла некалькі зваротаў грамадзян пра падзеж свіней у Лагазе з сімптомамі, падобнымі да АЧС. Як расказала ветурач-вірусолаг Вікторыя Адынец, на месца НС на чале з намеснікам галоўнага ветурача Веранікай Кудрашовай са станцыі выехалі ветэрынары, лабаранты, спецыялісты дэзатарада, апранутыя ў ахоўныя касцюмы.

Пры ўзнікненні ачагу АЧС на ўездах на комплекс выстаўляюцца шлагбаўмы, усе машыны апрацоўваюцца спецыяльным растворам, які паступае з дэзустаноўкі ДУК.

Знойдзеныя трупы спальваюцца, закопваюцца на 3-метровую глыбіню, і гэта месца апрацоўваецца растворам вапны. Мясцовыя жыхары падчас падваравога абходу папярэджваюцца аб недапушчэнні ўтрымання свіней у 5-кіламетровай зоне ад комплексу.

Як расказаў в. а. галоўнага ўрача філіяла «Беланы» Аляксандр Кулакоў, пры паступленні сігнала павінны ўзмацняцца меры біялагічнай абароны. На тэрыторыі комплексу ўстанаўліваецца дадатковы дэзбар’ер, спыняецца здача свіней, іх перапрацоўка, праводзіцца тэрмаметрыя пагалоўя і шэраг іншых мерапрыемстваў.

Гэтыя і іншыя меры ў комплексе дапамагаюць пазбегнуць распаўсюджання небяспечнай хваробы жывёл, бо ў выпадку занясення АЧС на комплекс знішчэнню будуць падлягаць усе свінні, а іх на комплексе сёння 22 тысячы.   

У СХЦ «Гайна» і на тэрыторыі Лагойскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў адпрацоўваліся надзвычайныя сітуацыі, у якіх пацярпелі людзі, таму была задзейнічана і медбрыгада, якая паказвала навыкі аказання дапамогі пацярпелым.

У сельскагаспадарчай арганізацыі прымаліся меры па нераспаўсюджанні хваробы, небяспечнай для жывёл і чалавека, – шаленства. Шалёная ліса ўкусіла адну з работніц, якой аказвалася неадкладная дапамога.

 

А на тэрыторыі Лагойскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, паводле ўводных даных, адбылося адключэнне электразабеспячэння ў выніку пашкоджання кабельнай лініі трансфарматарнай падстанцыі. Пры гэтым работнік аварыйнай брыгады атрымаў удар токам.

Над выпраўленнем гэтых праблем спецыялісты РЭС і «хуткай дапамогі» дзейнічалі аператыўна, зладжана, строга выконваючы інструкцыі. 

У гэты ж дзень падвялі вынікі вучэнняў. Усе заўвагі па ўводных былі адпраўлены кіраўнікам арганізацый, якім трэба папрацаваць над іх выпраўленнем.    

Алена Масцерава.

Фота аўтара і Яўгена Зелянко.