Новости
У Хатыні прайшла хвіліна маўчання
главное
1248 дня(-ей) назад
2
4

Сёлета споўнілася 80 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У мемарыяльным комплексе «Хатынь» з гэтай нагоды 22 чэрвеня прайшоў мітынг-рэквіем.

У дзень памяці і смутку сюды прыехалі старшыня Мінаблавыканкама Аляксандр Турчын і яго намеснікі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая, прадстаўнікі сілавых ведамстваў і грамадскіх аб’яднанняў, прафсаюзаў, раённай улады. Яны ўсклалі кветкі да Вечнага агню і прынялі ўдзел у памятным мерапрыемстве, кульмінацыйным момантам якога стала хвіліна маўчання.

– Сёння Хатынь – гэта адна з сотняў вёсак, фактычна знішчаных разам з жыхарамі, – адзначыў Аляксандр Турчын падчас размовы з журналістамі пасля памятнага мерапрыемства. – Розумам гэта не зразумець. На тэрыторыі Беларусі зверствавалі не толькі немцы, а і, на жаль, прадстаўнікі краін-суседак. Таму думаеш: калі не дай бог пачнецца які ўзброены канфлікт, то дзе гарантыя, што гэта не паўторыцца? Бо 80 гадоў для чалавека – гэта даволі шмат, а для гісторыі ўсяго толькі імгненне. І правільна гавораць, што самае галоўнае – памятаць.

– У Ізраілі кожнае дзіця, кожны вучань павінен пабываць у Асвенцыме, – сказаў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна. – На мой погляд, кожны вучань Беларусі і не толькі абавязкова павінен пабываць у Хатыні, каб мы ведалі трагічную гісторыю нашай краіны, усведамлялі, што з намі было, і якія наступствы гэтага ўсяго. Кожны трэці, хто загінуў на той вайне, – гэта залаты фонд нацыі. Вы выбіраліся з гэтай бяды вельмі доўга. І калі б не было яе, хто ведае, як бы мы сёння жылі? Можа б, наша жыццё было на парадак вышэйшае, чым у Германіі?

Мы панеслі велізарныя страты, таму самае галоўнае – гэта памяць. Мы не павінны забываць.

– Падзеі Вялікай Айчыннай вайны – гэта наша трагічная гісторыя, пра якую ніколі нельга забываць, – зазначыла намеснік старшыні Лагойскага райвыканкама Анжэла Раемская. – Таму што такая колькасць ахвяр, пра якія мы ведаем, павінна прымусіць усё наша сучаснае грамадства падумаць пра тое, якія страты нясе нам вайна, і пра тое, што павінна быць у прыярытэце ў кожнага. А гэта мір, стабільнасць, жыццё людзей. Таму хачу звярнуцца да ўсіх нас – беларусаў, рускіх, многіх іншых народаў: памятайце гэту вайну, яе ахвяр. Памятайце аб тым, што гэта ніколі нельга паўтарыць. Гэта павінна застацца толькі ў  гісторыі.  

Кожны год на Дзень Перамогі і ў іншыя памятныя даты прыязджае ў Хатынь з партрэтам свайго дзядулі Эдуарда Бубліса мінчанка Ірына. Яна лічыць, што такая ідэя прыйшлася б даспадобы дзядулю, які нарадзіўся ў Зарэччы і мужна абараняў наш край.

Наведалі Хатынь з экскурсіяй і некалькі сем’яў з Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

– Важна, каб нашы дзеці ведалі і памяталі, як дастаецца мірнае неба над галавой, – падзялілася сваімі думкамі Кацярына, якая прыехала з Чырвонага Бору з 11 – гадовай дачкой. – Яны павінны ведаць нашу гісторыю і берагчы тое, што маюць. Важна, каб мы ўсе цанілі кожную хвіліну свайго жыцця. 

А дзеткі, якія пабывалі на мітынгу-рэквіеме, прызналіся, што падчас урачыстай цырымоніі і хвіліны маўчання адчувалі смутак і сум. Але яны ўпэўнены, што каб такой страшнай трагедыі не паўтарылася, трэба ўсім людзям жыць мірна і сябраваць.

Рэспубліканская акцыя «Хвіліна маўчання» прайшла а 12-й гадзіне па ўсёй краіне ў знак удзячнасці і павагі да бессмяротнага подзвігу нашага народа.

 

Алена Масцерава.