У Лагойскім гісторыка-краязнаўчым музеія імя К. і Я. Тышкевічаў праходзяць музейна-педагагічныя заняткі для дзяцей, прысвечаныя 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны і Году народнага адзінства.
Удзельнікі аздараўленчага лагера «Моцны арэшак» СШ № 1 г. Лагойска 8 чэрвеня пабывалі на адным з такіх заняткаў. Напачатку старшы навуковы супрацоўнік Вера Казак правяла экскурсію па зале «падзеі і людзі», прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне. Вучні 4 – 5 класаў адказвалі на пытанні пра даты, удзельнікаў вайны. Ад музейнага работніка яны даведаліся, як і дзе пачыналіся ваенныя дзеянні, пачулі імёны герояў вайны-выхадцаў з Лагойскага раёна, убачылі рэчы і прадметы, звязаныя з ваенным часам.
Не ўпершыню дзеці слухалі пра спаленыя вёскі, пра помнікі на тэрыторыі Лагойска і раёна, звязаныя з вайной.
Сашу Сінюковіча з атрада «Вясёлка» вельмі зацікавіў стэнд, прысвечаны ўдзельнікам вайны ў Афганістане.
Другая частка мерапрыемства была творчай – дзецям прапанавалі размаляваць гліняныя таблічкі з выявай герба нашага горада, якія падрыхтаваў ганчар Мікалай Стрэльчанка.
Вера Казак растлумачыла, што азначаюць усе часткі герба, і дзеці з задавальненнем пры дапамозе пэндзлікаў і гуашы па дадзеным ім узоры намалявалі герб, які ў якасці сувеніра забяруць дадому.
Пры дапамозе гэтага майстар-класа Васіліса Насевіч разам з іншымі аднагодкамі далучылася да акцыі «Сімвалы маёй краіны».
У музеі нядаўна праходзіла выстава дыназаўраў. Наступная, на якую запросяць наведнікаў, стане выстава экспанатаў з фондаў музея.
Алена Масцерава.