Дэвіз сёлетняй аздараўленчай кампаніі гучыць так: «ЗдОрава! ЗдарОва! Карысна! Дружна!» Як ён ажыццяўляецца на практыцы? На гэта і іншыя пытанні, што датычаць летняга аздараўлення, адказалі ўдзельнікі дыялогавай пляцоўкі, якая прайшла ў рэдакцыі 7 чэрвеня.
Галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Марына Рабацень расказала, што ўсе аспекты летняй аздараўленчай кампаніі абмяркоўваліся з кіраўнікамі лагераў на семінары, што прайшоў перад пачаткам аздараўленчай кампаніі на базе райвыканкама. Асаблівую ўвагу на ім звярнулі на тэму бяспекі дзяцей, на якасную распрацоўку выхаваўчых праграм з улікам спецыфікі дзейнасці лагераў, іх матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння.
Сёлета, як звычайна, будуць працаваць дзённыя і кругласутачныя лагеры, турыстычныя, працы і адпачынку, патрыятычнай накіраванасці. А новае ў гэтым годзе – арганізацыя ва ўсіх школах лагераў для высока матываваных вучняў. Кожная ўстанова пры гэтым выбірала свой профіль.
– Зарадкі, штодзённыя прагулкі на свежым паветры, спартландыі і рухавыя гульні – гэта абавязковы кампанент праграмы, – адзначыла Марына Рабацень, расказваючы пра тое, якія мерапрыемствы ў лагерах накіраваны на ўмацаванне здароўя дзяцей. – Не менш важная частка – здаровае харчаванне. Меню распрацоўваецца тэхнолагамі з улікам узростава-фізіялагічных асаблівасцей дзяцей, кожны дзень у ім абавязкова павінна быць садавіна. Ежа гатуецца са свежых якасных прадуктаў.
Дарэчы, бацькоўская даплата за пуцёўкі ў школьныя лагеры дзённага знаходжання ў залежнасці ад узросту складае ад 15 да 20 рублёў, дзяржаўная датацыя пры гэтым – 89 руб. У кругласутачных лагерах бацькі даплачваюць 10 рублёў, а дзяржава выдаткоўвае 102 рублі на кожнага школьніка.
У лагерах працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем гэтыя суадносіны складаюць 10 і 107 руб., абаронча-спартыўнага профілю, працы і адпачынку з кругласутачным знаходжаннем – 7 і 101 руб.
Колькі ўсяго дзяцей плануецца аздаравіць у летніх лагерах?
– У Лагойскім раёне у летняй аздараўленчай кампаніі прымуць удзел 43 % ад агульнай колькасці школьнікаў – гэта 1789 дзяцей, – паведаміла Марына Рабацень. – З іх лагеры дзённага знаходжання будуць наведваць 1040 чалавек, спартыўныя – 304, працы і адпачынку – 70.
У кругласутачным лагеры працы і адпачынку на базе «Прырода-люкс» аздараўленне пройдуць 20 чалавек, абаронна-спартыўным на базе Гасцілавіцкай СШ – 15. Турыстычныя лагеры, у якія набіраюць 250 чалавек, перанесены на жнівень у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй.
Ці ёсць магчымасць санаторна-курортнага аздараўлення летам? Гэта пытанне задала лагайчанка Таццяна Тарасевіч (на здымку).
Спецыяліст па аздараўленні Юлія Рыбакова паведаміла, што дзіцячых пуцёвак у санаторыі паступіла няшмат, а вось для дарослага працоўнага насельніцтва вялікі выбар пуцёвак на жнівень-верасень.
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзімір Жданеня расказаў пра тое, якія магчымасці ёсць для кампенсацыі прафсаюзнымі арганізацыямі коштаў дзіцячых пуцёвак, а таксама пра санаторыі сістэмы «Берпрафсаюзкурорт».
Падрабязней на гэту тэму чытайце ў свежым нумары газеты «Родны край» за сераду.
Алена Масцерава.