Новости
Сонечнага, яркага лета пажадалі маленькім лагайчанам на свяце ў парку
главное
1282 дня(-ей) назад
2
4

У аўторак, 1 чэрвеня, у лагойскім парку прайшло святочнае мерапрыемства для дзяцей. Музычныя выступленні, забавы, гульні, конкурсы – арганізатары пастараліся стварыць для ўдзельнікаў свята добрую, вясёлую атмасферу.

– Дзеці – гэта кветкі нашага жыцця, наша радасць, наша сёння і заўтра, – сказала намеснік старшыні райвыканкама Анжэла Раемская, адкрываючы канцэрт, прысвечаны Дню абароны дзяцей.

Школьнікі горада выступілі на сцэне з творчымі нумарамі.

Дырэктар Цэнтра творчасці Лагойскага раёна Валерый Шостак уручыў падзякі самым актыўным выхаванцам.

Сярод іх, напрыклад, гімназіст Ягор Мяцельскі, які вучыцца іграць на трубе ў педагога Андрэя Якубчыка і прыйшоў на свята з мамай Таццянай.

Лагойскі ЦДТ прапаноўваў дзецям удзельнічаць у вясёлых выпрабаваннях, атрымоўваць за гэта купоны, якія потым абменьваліся на цукеркі.

На пляцоўцы дзіцячай бібліятэкі можна было пазнаёміцца з цікавымі кнігамі, памаляваць, атрымаць чупа-чупсы за адгаданыя загадкі і зрабіць татуіроўку хной.

Вясёлае караоке ад Цэнтра культуры, атракцыёны і заданні ад выратавальнікаў, бяспройгрышная латарэя ад цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аквагрым, гандлёвыя кропкі з сувенірамі і папкорнам – гэтыя і іншыя пляцоўкі карысталіся папулярнасцю у дзяцей.

Падчас свята праходзіў пленэр вучняў мастацкага аддзялення Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў, а на стадыёне трэніраваліся спартсмены.

Лета для дзяцей пачалося сонечна, цікава, весела. Няхай яно будзе такім і далей.

Алена Масцерава.