Новости
У Лагойску завяршаецца будаўніцтва аднаго шматкватэрнага дома і пачынаецца ўзвядзенне другога
главное
1283 дня(-ей) назад
2
4

У Лагойску па адрасе Гайненская,1 пабудавалі пяціпавярховы дом, дзе неўзабаве жыллёвыя ўмовы палепшаць 20 шматдзетных сем’яў. Наколькі хутка гэта адбудзецца, залежыць ад тэрміна замены труб, што забяспечваюць цяплом суседнія шматкватэрныя дамы.

Завяршэнне камунгасаўцамі работ на цепласетках дасць магчымасць у поўным аб’ёме правесці добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол новага дома. Ля яго ўжо абсталявана аўтамабільная стаянка на 5 месцаў, а большая, на 19, з’явіцца ў раёне замены труб. Там жа, каля гарадской пральні, плануецца размясціць пляцоўку для збору смецця, куды будуць перанесены і кантэйнеры, якія зараз знаходзяцца ля новай дзіцячай пляцоўкі.

Тэрыторыя для гульняў дзяцей будзе выкладзена мяккім гумавым пакрыццём. Тут усталёўваюцца горкі, качэлі і іншыя элемнеты для дзіцячых забаў і адпачынку.

Як паведаміў майстар МПМК-198 Андрэй Цітовіч, шматпавярхоўка ўжо амаль гатова сустрэць гаспадароў. Над яе ўзвядзеннем працавалі 11 чалавек з лагойскай будаўнічай арганізацыі, а таксама розныя субпадрадчыкі, што займаліся правядзеннем электрычнасці, газавых камунікацый, сантэхнічнымі работамі.

У доме 10 трохпакаёвых кватэр плошчай 78 кв. м. і 10 двухпакаёвых, каля 60 кв. м. кожная. Памяшканні будуць здавацца без аддзелкі, з газавымі катламі, плітамі, дзвярамі ў месцах агульнага карыстання і сантэхнічным мінімумам.

Па інфармацыі ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Лагойскага раёна, прыкладны кошт квадратнага метра ў новым доме – 1410 рублёў, канчатковы будзе вядомы пасля яго здачы. Будучыя ўласнікі кватэр – шматдзетныя сем’і –  уносяць плацяжы за будаўніцтва роўнымі долямі, выкарыстоўваючы льготныя крэдыты, субсідыі і сямейны капітал.

Грамадзяне аплачваюць толькі жыллё, а інжынерная інфрастуктура, якая будуецца адначасова з домам, фінансуецца з бюджэту.

У раёне новага будынка на Гайненскай пабудавана новая трансфарматарная падстанцыя, пракладваюцца падземныя кабелі, што заменяць паветраныя лініі электраперадачы.

А на вуліцы Карла Лібкнехта вядуцца падрыхтоўчыя работы да ўзвядзення яшчэ аднаго дома на 20 кватэр. Генеральным падрадчыкам па гэтым адрасе выступае таксама ААТ «МПМК-198».

Як расказаў прараб Аляксандр Анкуда, зараз праводзіцца вынас інжынерных сетак, абсталяванне пляцоўкі, агароджванне тэрыторыі, стварэнне бытавога гарадка.

Наступны этап – работа з катлаванам і будаўніцтва падмурка. Дом будзе складацца з дзвюх секцый – двух- і трохпавярховай, якія павінны гарманічна ўпісацца ў раён існуючай забудовы.

Ва ўпраўленні архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Лагойскага райвыканкама адзначылі, што ў доме на Карла Лібкнехта атрымаюць кватэры тыя грамадзяне, якія стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, і ў першую чаргу – шматдзетныя сем’і.

Алена Масцерава.