У пятніцу, 7 мая, у 18.30, у Лагойскім раённым цэнтры культуры адбудзецца канцэрт народнага ансамбля «Лагойскай жывіца». У праграме прагучаць беларускія народныя песні і аўтарскія творы. Напрыклад, гледачы пачуюць знакамітыя «Цячэ вада ў ярок», «Цвіла ружа» ды іншыя, а таксама песню кіраўніка калектыву Уладзіміра Мірончыка «Згадка». Музыкант выканае і мелодыі для баяна.
– Канцэрт адрасуецца самаму шырокаму колу слухачоў, – адзначыў Уладзімір Аляксандравіч. – Запрашаем дарагіх землякоў, для якіх будзем рады выканаць прыгожыя песні нашай зямлі.
У аматарскім ансамблі спяваюць 12 творчых жыхарак райцэнтра. Нягледзячы на няпростыя часы пандэміі, яны знаходзяць час і магчымасці развіваць свой спеўны талент. «Лагойская жывіца» толькі ў 2020-м годзе стала лаўрэатам двух прэстыжных конкурсаў: рэспубліканскага фестывалю «Пеўчае поле» і міжнароднага конкурсу «Новыя вяршыні».
Выступленне народнага ансамблю стане другім справаздачным канцэртам Лагойскага РЦК пасля выступлення ўдзельнікаў вакальнай студыі «Млечны шлях». Далей у афішы ўстановы культуры харэаграфічная праграма студыі танца «Акварэль» (15 мая, 18.00) і справаздачны канцэрт вакальных калектываў «Экспромт» і «Залаты прамень» (1 чэрвеня, 18.00).
Алена Масцерава.