Новости
«Малочная галіна – драйвер сельскай гаспадаркі», – адзначыў Ігар Брыло на адкрыцці фермы ў Гайне
главное
1314 дня(-ей) назад
2
4

У апошні дзень красавіка ў СХЦ «Гайна» адкрылася новая малочнатаварная ферма «384» – менавіта столькі тут будзе дойных кароў.

Удзел у афіцыйнай цырымоніі адкрыцця ўзялі першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло, генеральны дырэктар ААТ «МТЗ» Віталій Воўк, старшыня Лагойскага райвыканкама Аляксандр Ласевіч і іншыя.

Выступаючы перад работнікамі сельгасарганізацыі, Ігар Брыло адзначыў, што ва ўсіх краінах свету сельскае насельніцтва змяншаецца. І ў Беларусі ў пачатку 90-х было больш за 1 млн чалавек, занятых у аграпрамысловым комплексе, а на пачатак 2021 года засталося каля 270 тысяч. І менавіта дзякуючы навейшым тэхналогіям, сучаснай тэхніцы, якую выпускае ў тым ліку МТЗ, аграрыі сёння праводзяць ужо не бітву за ўраджай, а планамерную спакойную працу.

– На працягу апошніх 5 – 7 гадоў мы вельмі дынамічна развіваем малочную галіну, – сказаў Ігар Вячаслававіч. – За мінулы год атрымалі 7,5 млн тон малака, практычна 62 % якога рэалізавалі на экспарт, таму што пытанне харчовай бяспекі перад краінай ўжо даўно не стаіць. Мы свой народ цалкам забяспечылі прадуктамі харчавання, якія пастаўляем таксама ў 116 краін свету. І на гэтым мы не спыняемся.

– Сёння вельмі добрая падзея для нашага раёна, – адзначыў у прывітальным слове старшыня Лагойскага райвыканкама Аляксандр Ласевіч. – Хочацца пажадаць спецыялістам новага малочнатаварнай фермы беражлівых адносін да таго, што тут пабудавана, а таксама добрага, надзейнага, зладжанага калектыву. Жадаю вам далейшага дынамічнага развіцця, каб вы былі прыкладам не толькі ў Лагойскім раёне, але і ў цэлым у рэспубліцы. 

Генеральны дырэктар ААТ «Мінскі трактарны завод» Віталій Воўк выказаў словы асаблівай падзякі тэхнічным службам завода і будаўнічай арганізацыі – ААТ «МПМК-198», дзякуючы якім новы жывёлагадоўчы аб’ект быў здадзены раней за вызначаны тэрмін. Віталій Міхайлавіч выказаў упэўненасць, што ў гаспадарцы ў будучым могуць з’явіцца і іншыя падобныя аб’екты. Галоўнае – так жа інтэнсіўна і прадуктыўна працаваць.

Ганаровыя госці замацавалі таблічку на памятным знаку, прысвечаным адкрыццю фермы, і пасадзілі тры сакуры, якія кожную вясну сваім квітненнем павінны радаваць калектыў. Усяго ў ім будзе працаваць 24 чалавекі.

Затым дырэктар ААТ «МПМК-198» Мікалай Гіль уручыў сімвалічны ключ загадчыцы фермы Наталлі Ляхновіч, а высокія госці перарэзалі чырвоную стужку і прайшлі на тэрыторыю фермы, экскурсію па якой для іх правёў дырэктар СХЦ «Гайна» Валянцін Валецкі.

Удзельнікі мерапрыемства пабывалі ў розных вытворчых корпусах, даведаліся пра тэхналогіі, абсталяванне, умовы і механізмы, якія дазволяць атрымліваць добрыя вынікі. І яны ўжо ёсць: толькі за першыя суткі працы фермы тут надаілі больш за 1 тысячу тон малака, гэта значыць, што кожная з 43 кароў, якія тут утрымліваліся на той момант, дала ў сярэднім па 20 літраў малака.

У дзень адкрыцця на ферме было ўжо 260 галоў, а ўсяго плануецца давесці іх колькасць да тысячы.

Памочнік генеральнага дырэктара МТЗ па сельскай гаспадарцы Уладзімір Піскіжаў расказаў, што тэмп росту вытворчасці малака ў цэлым па СХЦ «Гайна» за мінулы год склаў 120 %. Далейшаму павелічэнню рэнтабельнасці будуць спрыяць зніжэнне затрат на вытворчасць і павышэнне якасці малака.

Алена Масцерава.