Сёння, 22 красавіка, на Лагойшчыне праходзіць абласны маладзёжны форум з дыскусійнай пляцоўкай «Адкрыты дыялог «БРСМ: учора, сёння, заўтра». На яго сабраліся кіраўнікі раённых камітэтаў маладзёжнай грамадскай арганізацыі, маладыя работнікі ў сферы сельскай гаспадаркі, прамысловасці, эканомікі, ЖКГ, транспарту і будаўніцтва з усіх раёнаў Міншчыны, а таксама прадстаўнікі абласнога выканаўчага камітэта на чале з намеснікам старшыні Мінаблвыканкама Іванам Маркевічам.
Перад пачаткам асноўнага мерапрыемства адбылося ўскладанне кветак на брацкіх могілках на Паненскай гары.
Настаўніца Гімназіі г. Лагойска Вольга Гунько расказала пра гісторыю мемарыяла, якім сучаснікі ўшанавалі памяць воінаў Вялікай Айчыннай вайны.
Затым група ўдзельнікаў форуму на чале з першым сакратаром абласнога камітэта ГА «БРСМ» Аляксандрам Дзічкоўскім адправілася ў СК «Лагойскі».
Дырэктар адной з лепшых сельгасарганізацый канцэрна «Белнафтахім» Дзмітрый Зімавы пазнаёміў дэлегацыю з дзейнасцю гаспадаркі і адказаў на ўсе пытанні, якія цікавілі маладых людзей.
Другую групу на чале з першым сакратаром Лагойскага райкама ГА «БРСМ» Аджарам Чэвікам сустрэў першы намеснік дырэктара ВУП «Амкадор-Лагойск» Эдуард Шуманаў. Ён расказаў пра гісторыю завода ад пачатку яго ўзнікнення да сучасных кірункаў развіцця, акрэсліў структуру холдынгу, паведаміў, якія мадэлі выпускаюцца тут і куды рэалізуюцца.
Разам з намеснікам дырэктара па вытворчасці Дзмітрыем Мамчыкам ён правёў дэлегацыю па цэхах зваркі, афарбоўкі, зборкі. Некаторыя нават пратэсціравалі кабіну адной з сучасных мадэляў трактара, якія пастаўляюцца ў лясныя гаспадаркі рэспублікі і на экспарт.
Пытанні гасцей прадпрыемства да спецыялістаў датычыліся заробку, маладзёжнай палітыкі завода, устаноў адукацыі, дзе можна атрымаць адпаведныя спецыяльнасці. На ўсе тэмы былі дадзены падрабязныя адказы.
Першы сакратар Чэрвеньскага райкама ГА «БРСМ» Марыя Чарняўская падзялілася ўражаннямі ад экскурсіі:
– Па-першае, я заўсёды ганаруся тым, што ў рэспубліцы ёсць свае прадпрыемствы, якія могуць зрабіць уласны прадукт, што ідзе на экспарт у іншыя краіны, адзначыла дзяўчына. – Па-другое, важна тое, што такія заводы не толькі самастойна зарабляюць, але і прыцягваюць у якасці работнікаў моладзь.
Марыя Ігараўна расказала таксама, што ёй вельмі спадабаўся Лагойск сваімі чыстымі, прыгожымі вуліцамі, старажытным паркам. А на дыскусійную пляцоўку ў Плешчаніцкае вучылішча алімпійскага рэзерву, куды адправіліся ўсе ўдзельнікі форуму, яна паехала з пытаннямі па прававой адукацыі моладзі.
– Маладыя людзі павінны ведаць не толькі свае правы, але і абавязкі, – упэўнена Марыя Чарняўская. – Таму вельмі важным з’яўляецца атрыманне імі ведаў у сферы закона і права, а таксама належнае грамадзянска-патрыятычнае выхаванне.
Гэтае і іншыя пытанні з прадстаўнікамі Мінаблвыканкама абмяркуюць у Плешчаніцах каля 50 юнакоў і дзяўчат з цэнтральнага рэгіёна.
Алена Масцерава.
Фота аўтара і Аляксандра Клімаўца.