У райцэнтры 28 сакавіка прайшоў турнір па інтэлектуальных гульнях «Logoisk Minor», сумешчаны з чэмпіянатам Мінскай вобласці. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі РГА «БЛІК», Лагойскі раённы цэнтр культуры, дзе і праходзілі гульні, а таксама Інтэлектуальны цэнтр па атамнай энергіі г. Мінска, які стаў спонсарам падарункаў.
У Лагойску ў нядзелю сабралася 31 аматарская каманда – з розных раёнаў Міншчыны і сталіцы.
Напачатку ўдзельнікаў чакала «Медыя-гульня», пераможцам якой у агульным заліку стала каманда з Мінска «Покупание прекрасного коньяка», а ў заліку Мінскай вобласці – «Глокая куздра» з Барысава.
Барысаўчане занялі і другое месца ў «Брэйн-рынгу». Прадстаўнік каманды Аляксандр Давыдаў адзначыў, што ў сённяшнім саставе зборная гуляе 5 гадоў. У яе ўваходзяць людзі розных прафесій і ўзростаў – выкладчыкі, мастацтвазнаўца, біёлаг, электратэхнік, рамеснік, якіх аб’ядноўвае жаданне гуляць, азарт і камандны дух. Таму яны любяць удзельнічаць у квізах, турнірах, у тым ліку выязных. А ўвогуле, у Барысаве дастаткова развіты інтэлектуальны рух і налічваецца каля 20 пастаянных дарослых каманд.
У «Брэйн-рынг» прайшлі 16 лепшых удзельнікаў па выніках двух першых тураў «Што? Дзе? Калі?». Сярод іх была і студэнцкая лагойска-чэрвеньская «Сборная Крупок по крупнику», якая ўпэўнена абышла ў гэтай гульні ўсіх супернікаў, а таксама заняла 1-е месца ў заліку Мінскай вобласці па «Сваёй гульні» (у агульным заліку перамагла мінская каманда «Мое сердце за мерло»).
Студэнты з Лагойска і Чэрвеня з’яўляюцца выпускнікамі Вадзіма Кузміча і Ірыны Вабішэчвіч, трэніруюцца ў дыскордзе, удзельнічаюць у студэнцкіх і дарослых турнірах, кожны раз змяняючы назву сваёй каманды.
– Інтэлектуальныя гульні – гэта выдатная атмасфера, новыя знаёмствы, цікавыя івенты, таму мы працягваем гуляць, -- сказаў лагайчанін Дзмітрый Валецкі. -- І так гістарычна склалася, што ўдзельнічаем у турнірах з сябрамі з Чэрвеня – нашага горада-пабраціма па інтэлектуальных гульнях.
Трэнер з Чэрвеня Ірына Вабішчэвіч, якая гуляла ў нядзелю ў складзе каманды «Вёска», таксама адзначыла, што з Лагойскам мае сяброўскія адносіны з даўніх часоў. І тут варта дадаць, што школьная лагойска-чэрвенская каманда «Цільтонскі ордэн», паспяхова выступаючы на самых розных інтэлектуальных турнірах, 20 сакавіка заняла 2-е месца ў сінхронным чэмпіянаце Беларусі (юніёры), у якім удзельнічалі 318 школьных каманд з усёй краіны.
На нядзельным чэмпіянаце ў абодвух заліках па гульні «Што? Дзе? Калі?» перамагла каманда «Картотека недоразумений» з Салігорска, якая ў выніку стала пераможцай турніра «Logoisk Minor» разам са сталічнай камандай «Ежу понятно».
Вядучы турніра Вадзім Кузміч, публікуючы вынікі ў групе інтэлектуальнага клуба «Ad astra» ВКонтакте, падзякаваў за дапамогу ў арганізацыі Наталлі Гушчынай, Аляксандру Вараненку, Яўгену Хаміцэвічу, Яраславу Данькову, Арцёму Панкратаву, Марыі Чарнецкай, Аляксею Блатуну, Ніколь Рамшака і Юліі Шэйка.
Сачыце за аб’явамі клуба – і бярыце ўдзел у наступных гульнях. Гэта сапраўды цудоўны спосаб правядзення вольнага часу.
Алена Масцерава.
Фота Юліі Шэйка.