Новости
Армейскія альбомы, танкі з лега: у школе праходзіла выстава
главное
1367 дня(-ей) назад
2
4

Да Дня абаронцаў Айчыны ў СШ № 1 г. Лагойска арганізавалі тэматычную выставу. Акрамя прадметаў ваеннай тэматыкі, зробленых вучнямі, на ёй прысутнічалі ўнікальныя экспанаты – фотаальбомы нашых землякоў, якія служылі ў войску ў розныя часы.

Напрыклад, сямікласнік Ягор Шнарэвіч прынёс на выставу дэмбельскі альбом свайго дзядулі Сяргея Шнарэвіча, жыхара Плешчаніц, які служыў у ваенна-машынных войсках у 1977 – 1979 гадах.

Ручная праца, фотаздымкі з хронікі службы, малюнкі, пажаданні армейскіх таварышаў, абавязковая выразка з газеты, дзе быў апублікаваны Загад аб звальненні ў запас, – класічны армейскі альбом савецкага часу можна назваць важным артэфактам. Ён паказвае адносіны салдатаў да нясення службы: адразу бачна, што прызыўнікі таго часу ганарыліся ёй.

Вось і Ягор, гледзячы на армейскую хроніку дзядулі, кажа, што хацеў бы служыць або ў разведцы, або ў дэсантным войску, каб умець абараняць сваю Радзіму.

Яго аднакласнік Максім Палазняк таксама ў якасці экспанату прынёс альбом дзядулі Барыса Палазняка. Яго ўжо няма ў жывых, аднак фотахроніка замест яго падрабязна расказвае пра тое, як ён служыў у 1975 г. у Маскве і Мінску.

Яшчэ адзін вучань 7 «В» класа Аляксей Юрэвіч ганарыцца армейскімі ўзнагародамі дзеда Сцяпана Быліцкага і таты Алега Юрэвіча, з аповедаў якога хлопчык ведае пра яго службу ў брыгадзе спецназу радыстам-разведчыкам.

З гэтымі і іншымі экспанатамі выставы з цікавасцю знаёміліся і хлопчыкі, і дзяўчынкі. Акрамя таго, 23 лютага на кожным перапынку ў школьным фае можна было паслухаць музыку, паглядзець відэаролікі на тэму службы ў арміі, ваеннай гісторыі, патрыятычнага выхавання моладзі.

Алена Масцерава.