Новости
Як розныя службы змагаюцца са снегам
главное
1381 дня(-ей) назад
2
4

Як і абяцалі сіноптыкі, учора зноў пачаліся моцныя снегапады, таму службы, адказныя за расчыстку дарог ад снегу, мабілізавалі свае сілы.

У дыспетчарскай ДРБУ-165 нам паведамілі, што ў аўторак на 5 участкаў дарог выйшлі 10 трактараў МТЗ з адваламі, 3 МАЗы, 2 аўтагрэйдары і пагрузчык. Прычым МАЗы пачалі расчышчаць снег у 3.00, трактары – прыкладна ў 6 раніцы. Расчыстка выконваецца ў першую чаргу на дарогах, па якіх праходзяць маршруты аўталавак, школьных аўтобусаў.

Задзейнічана ўся тэхніка, якая ёсць у ДЭУ-67.

Чысціць вуліцы Лагойска ад снегу выйшлі ўсе 8 дворнікаў камунгаса з дадатковай дапамогай работнікаў будаўнічага ўчастка. На дарогах райцэнтра і раёна 8 адзінак тэхнікі камунальнай гаспадаркі будуць працаваць, пакуль не закончыць ісці снег. Прычым, як адзначыў начальнік участка добраўпарадкавання Юрый Бардо, на некаторыя аб’екты даводзіцца вяртацца, бо іх перамятае зноў.

У Плешчаніцах змагаюцца са снегам 7 дворнікаў, тратуарныя дарожкі і дваравыя тэрыторыі расчышчае ўборачны трактар МУ-320, а цэнтральныя і гравійныя дарогі – 4 адзінкі тэхнікі Плешчаніцкага ўчастка камунгаса і адна – ад старонняй арганізацыі.

Многія прадпрыемствы і арганізацыі стараюцца чысціць снег на прылягаючай тэрыторыі сваімі сіламі.

Зразумела, што тэхніка не можа даехаць па ўсіх адрасах адначасова. Таму ў гэты напружаны перыяд снегападаў трэба быць асабліва пільнымі і асцярожнымі, па магчымасці дапамагаючы ў барацьбе са снегам адзінокім і састарэлым людзям, якія не могуць узяць у рукі лапату, каб прачысціць сцяжынку, напрыклад, да аўталаўкі.

Алена Масцерава.