Новости
Дэлегаты ад Лагойскага раёна прынялі ўдзел у рэгіянальным сходзе ў Барысаве
главное
1400 дня(-ей) назад
2
4

Дэлегаты VI Усебеларускага схода ад Мінскай вобласці 29 студзеня прынялі ўдзел у рэгіянальным сходзе ў Барысаве. На сустрэчы абмяркоўваліся асноўныя накірункі развіцця Міншчыны. Падымаліся пытанні як жыллёвага будаўніцтва ў гарадах, так і павышэння ўзроўню і якасці жыцця сельскага насельніцтва.

Сваімі ўражаннямі ад мерапрыемства падзялілася дэлегат ад Лагойскага раёна, інспектар па кадрах КСУП «Спадарожнік-агра» Наталля Залатая:

– Мяне кранула абмеркаванне тэмы сямейнай палітыкі. Пра тое, як яна ажыццяўляецца ў нашай краіне, змястоўна расказала міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. Я згодна з тым, што сёння для вырашэння дэмаграфічнай праблемы павінна павялічвацца колькасць шматдзетных сем’яў. І вельмі добра, што ім аказваюцца розныя віды дапамогі – у будаўніцтве жылля, прадастаўленні «сямейнага капіталу» і іншыя.

Спадабалася думка міністра аб тым, што добра было б, каб працадаўцы ішлі насустрач пенсіянерам у забеспячэнні іх працоўнымі месцамі, якія б адпавядалі фізічным магчымасцям пажылых людзей.

Прыемна ўразіў расповед пра сваю дзейнасць маладых, актыўных валанцёраў, якія не праседжваюць вольны час за гаджэтамі, а аказваюць дабрачынную дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу.

А міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель сказаў, што ўсе праблемныя сітуацыі жыхароў прымае на свой кошт і будзе прыкладаць усе намаганні, каб іх выправіць.

Вялікае ўражанне выклікала ў мяне выступленне жанчыны аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Міншчыны, якая 40 гадоў адпрацавала трактарысткай. Я разумею яе крыўду ад таго, што моладзь не хоча ісці ў сельскую гаспадарку. Таксама, як і яна, лічу, што каб такой праблемы не ўзнікала, трэба ствараць добрыя ўмовы для працы і жыцця маладых людзей у вёсцы.

Алена Масцерава.

Фота з сайта mlyn.by