Новости
28.10 В стране и мире
Архив новостей
Аграсядзіба “Гаенскія вытокі”
главное
1693 дня(-ей) назад
2
4

Сядзіба “Гаенскія вытокі” ў вёсцы Гайна адрозніваецца ад іншых тым, што дае магчымасць не толькі адчуць хараство і гармонію прыроды, але і дакрануцца да гісторыі роднага краю.

Яе гаспадар Сяргей Селях, пчаляр па спецыяльнасці, пачынаў з таго, што знаёміў наведвальнікаў з жыццём працалюбівых пчол, распавядаў пра развіццё гэтай справы, карысць тых прадуктаў, якія атрымліваюцца дзякуючы старанным істотам, і, вядома ж, частаваў смачным мёдам. Ён і цяпер развівае гэты напрамак. У садзе з’явіліся домікі, у якіх аказваецца працэдура “сон на вуллях”: тут можна адпачыць, назірая за пчоламі і ўдыхаючы гаючы пах прадуктаў іх жыццядзейнасці.

Затым да гэтага захаплення дабавілася экскурсію на рачулку, што працякае побач з сядзібай. Ціхую затоку аблюбавалі бабры – сапраўдныя архітэктары жывёльнага свету. Той, каму пашчасціць, можа ўбачыць гэтых рупліўцаў, а астатнім застаецца назіраць за вынікамі іх працы – домікамі і плацінамі.

Няўрымслівы па сваёй натуры чалавек, Сяргей Селях пэўную частку тэрыторыі аддаў жывёлінам і птушкам, якія таксама выклікаюць зацікаўленасць гасцей. А сярод фаварытаў тут ваўкі і яноты. Гаспадар можа доўга расказваць пра звычкі сваіх насельнікаў, розныя гісторыі, у якіх рэчаіснасць спалучаеццца з фальклорам.

А той калекцыі прадметаў побыту розных часоў, якую сабраў гаспадар, можа пазайздросціць любы музей. Чаго тут толькі няма. Скажу адно, што сярод экспанатаў нямала такіх прадметаў, пра прызначэнне якіх ведае далёка не кожны. А вось Сяргей Аляксандравіч з уласцівым яму пачуццём гумару распавядае пра гэта.

Зразумела, што, напрыклад, конная малацілка і іншыя механізмы для апрацоўкі глебы ў памяшканні не памясціліся, іх можна разглядаць пад паветкаю.

Як зазначыў Сяргей Селях, цікавасць да “Гаенскіх вытокаў” праяўляюць і дарослыя, і дзеці. Да прыкладу, у маі на сядзібе пабывала больш 300 вучняў рознага ўзросту. Яны і не заўважаюць, як пралятае час экскурсіі, якая абавязкова заканчваецца чаепіццем, падрыхтаваным гаспадыняй Наталляй Міхайлаўнай.

Валянціна КОРЗУН.