Напярэдадні ацяпляльнага сезона спецыялісты Лагойскага раёна газазабеспячэння ПУ «Маладзечнагаз» праводзяць інфармацыйныя сустрэчы ў працоўных калектывах на тэму бяспечных метадаў карыстання газам у быце. Адна з такіх сустрэч прайшла ў рэдакцыі раённай газеты.
Галоўны інжынер Васіль Шынкевіч і інжынер па тэхніцы бяспекі Марыя Асановіч расказалі, як працуе сістэма газазабеспячэння раёна, растлумачылі правілы эксплуатацыі і дыягностыкі газавых пліт і катлоў, напомнілі пра неабходнасць праверкі дыма-вентыляцыйных каналаў, устаноўкі датчыкаў угарнага газу і сігналізатараў загазаванасці.
А таксама адказалі на пытанні, што датычаць тарыфаў і тэрмінаў падачы абанентамі паказанняў з газавых лічыльнікаў. Так, галоўны інжынер паведаміў, што няма фіксаванай даты пераходу на зімнія тарыфы: яна залежыць ад таго, калі райвыканкамам будзе прынята рашэнне аб пачатку (або заканчэнні) ацяпляльнага сезона. Таму трэба сачыць за інфармацыяй, якая павінна з’явіцца на сайце Лагойскага РВК і РГС.
Прадстаўнікі газавай службы ўручылі работнікам рэдакцыі памяткі аб дзеяннях у аварыйных сітуацыях і размалёўкі для дзяцей пад назвай «Залатыя правілы карыстання газам у быце».
Алена Масцерава, «РК».