Хоць свята першага званка ў сярэдняй школе № 1 г. Лагойска праходзіла толькі для першакласнікаў і выпускнікоў, увесь унутраны школьны дворык быў запоўнены педагогамі, вучнямі і іх сем’ямі. Ва ўрачыстай лінейцы прымалі ўдзел 4 першыя і 2 выпускныя класы. Новы навучальны год тут пачаўся для 970 школьнікаў.
Права падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь на адкрыцці свята атрымаў адзінаццацікласнік Сцяпан Рыбакоў, які вучыцца на выдатна. З Днём ведаў павіншавала прысутных дырэктар установы Алена Шкецік.
– Вы наш гонар, – звярнулася да педагогаў Алена Уладзіміраўна. – Я веру ў вас, у ваш прафесіяналізм, веру, што вы зробіце ўсё магчымае і немагчымае для нашых вучняў. Хай гэты год будзе для ўсіх паспяховым. Здароўя вам, цярпення і новых творчых здзяйсненняў!
Дырэктар пажадала бацькам далей падтрымліваць сваіх дзяцей ва ўсіх справах, выпускнікам – з гонарам ісці да ўласнай мары і пераадольваць усе цяжкасці, а першакласнікам – адчуваць сябе ў школе ўтульна, як дома, знайсці сяброў і з радасцю ісці па дарозе ведаў.
Поспехаў у навучанні пажадаў удзельнікам лінейкі старшыня Лагойскага райвыканкама, бацька дзвюх вучаніц гэтай установы адукацыі Аляксандр Ласевіч.
– У нашай рэспубліцы 1 верасня можна лічыць сапраўды народным святам, – зазначыў Аляксандр Георгіевіч. – Таму што жыццё кожнага з нас звязана са школай, урокамі, сябрамі-аднакласнікамі і, безумоўна, любімымі настаўнікамі. Сёння школьнікі Лагойшчыны пачнуць вучыцца ў светлых, адрамантаваных вучэбных класах з сучаснай мэбляй і абсталяваннем. Асабліва, напэўна, святочным і атмасферным дзень ведаў з’яўляецца для нашых першакласнікаў, разам з якімі зноў пойдуць у школу і іх бацькі.
Старшыня выказаў падзяку педагогам за іх пачэсную працу, ад вынікаў якой залежыць далейшы лёс маладога пакалення, будучыня Беларусі.
З пажаданнямі дзецям і настаўнікам ад імя бацькоў выступіла Марыя Зарэмба. Музычныя віншаванні, першыя вершы самых маленькіх вучняў, шчымлівыя словы тых, хто праз год развітаецца са школай, – і лінейка скончылася вясёлым званком, які гучна запрасіў вучняў пачаць новы год у краіне ведаў.
Алена Масцерава, «РК».