Новости
Майстры раённага Дома рамёстваў пазнаёмілі школьнікаў з народнымі традыцыямі
главное
1610 дня(-ей) назад
2
4

Прадстаўнікі раённага Дома рамёстваў завіталі ў Лагойскую СШ № 1 на мерапрыемства «Адзін дома – гэта не пра нас», мэтай якога было знаёмства з народнымі традыцыямі выхавання.

Майстар-метадыст Наталля Марцінкевіч і кіраўнік дзіцячага калектыву «Натхненне» Вольга Кісялёва дапамаглі сучасным школьнікам уявіць, як жылі іх аднагодкі стагоддзе таму: чым займаліся, у якія гульні гулялі. Адзін хлопчык вырашыў, што калі бацькі завіхаліся ў полі, то дзеці сядзелі ў тэлефонах. Аднак потым ён, як і астатнія вучні, даведаўся, што тэлефонаў у той час не было, і нават самыя маленькія вяскоўцы мелі свае абавязкі: пасвілі гусей, кароў, палолі агарод і г. д. Каб малыя дома не сумавалі і не баяліся, мамы рабілі для іх ляльку-абярэг – зайчык-на-пальчык, майстар-клас па вырабе якога правялі з дзеткамі. А малодшы навуковы супрацоўнік Валянціна Кезік арганізавала фотазону, дзе можна было сфатаграфавацца ў прыгожых саламяных галаўных уборах.

Супрацоўніцы Дома рамёстваў пагулялі са школьнікамі ў старадаўнія дзіцячыя гульні. «Гарлачык», «Фарбы», «Ручаёк» прыйшліся дзецям даспадобы, таму настаўніцы Тамара Плюта і Людміла Ясюкевіч вырашылі, што прапануюць іх вучням і пасля.

А маленькім лагайчанам у лагеры сапраўды няма калі сумаваць. Напрыклад, нядаўна яны плялі лапці з паперы з супрацоўніцай раённага музея Верай Казак, а таксама пабывалі разам з ёю на экскурсіі па Лагойску, прысвечанай 76-й гадавіне вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Алена Масцерава. Фота аўтара.