Артыкул Антона Францішка Брыля, надрукаваны ў часопісе «Роднае слова» ў лістападзе мінулага года, прысвечаны цікаваму факту пра Паненскую гару. Гэта адно з самых высокіх месцаў у Лагойску, названае ў гонар паненкі, якая загінула з-за няшчаснага кахання. Падобная легенда лягла ў аснову вядомай вершаванай аповесці «Вечарніцы» (яе часткі «Стаўроўскія дзяды») Вінцэнта Дуні-на-Марцінкевіча.
Аднак існуе яшчэ адна версія сюжэта пра Паненскую гару. Магчыма, яна ўзнікла пасля таго, як нехта з сялян пачытаў Дуніна-Марцінкевіча і запомніў яго твор урыўкамі, дадаўшы свае словы і сказы. А можа, на Лагойшчыне жыў невядомы паэт, здольны ў вершаванай форме пераказваць народныя паданні? Як бы там ні было, але валасны пісар А. Ганус, які з 1886 г. працаваў у Барысаўскім павеце, куды ўваходзілі і лагойскія землі, запісаў са слоў селяніна Аляксандра Барона паэму пад загалоўкам «Паненская гара». Пісар старанна збіраў у вёсках і мястэчках вершы, песні, казкі. Рабіў гэта з лёгкай рукі знакамітага фалькларыста Паўла Шэйна, які, рыхтуючы трохтомнік беларускай народнай творчасці, звярнуўся да мясцовых улад з просьбай даручыць валасным пісарам збор матэрыялу.
Як сведчыць сшытак, які захоўваецца ў Санкт-Пецярбургскім філіяле архіва расійскай Акадэміі навук, паэма запісана А. Ганусам у кастрычніку 1889 г.
Яна пачынаецца аповедам пра княгіню Зоську «па празванню Чартарой», якая была падобна да анёла і ўсіх заварожвала сваёй прыгажосцю. Хто толькі да яе не сватаўся! З якіх толькі краёў не прыязджалі жаніхі! Але Зоська сказала, што выйдзе замуж толькі за самага дужага хлопца. Паны, князі, каралі шмат абяцалі ёй, ды мала рабілі. Некаторыя нават казалі, што зорку з месяцам з неба дастануць. Тады дзяўчына прыдумала, як вызначыць найдужэйшага: той стане яе мужам, хто вырве рукамі дуб.
Засмуціліся жаніхі, засаромеліся. Але прыйшоў мужык Міхайла Валалуб і вырваў дрэва голымі рукамі, тым самым растапіўшы сэрца прыгажуні. Расчуленая, яна абняла яго, пацалавала і прапанавала ўзяць яе ў жонкі. Але горкае расчараванне чакала княгіню: волат Міхайла аказаўся жанатым на ахмістрыні Гайне.
Зоська ад сораму збегла, зачынілася ў замку, і з таго часу яе ніхто не бачыў. Але знікла не толькі паненка – разам з ёю і замак «як у ваду прапаў», «муся, чорт узяў»…
Аўтар вышэйзгаданага артыкула лічыць цалкам верагодным, што паэму мог напісаць вясковы гімназіст, семінарыст ці народны настаўнік, і называе імёны педагогаў, якія ў 1880-я працавалі ў Лагойску: Сямён Драпеза, Антон Батура, Сцяпан Зяневіч, Нікадзім Бейня. Таксама ён мяркуе, што ў архівах могуць захоўвацца і іншыя версіі тэксту пра Паненскую гару. Час пакажа, ці мае рацыю перакладчык і паэт Антон Францішак Брыль. Але яго нядаўняя знаходка яшчэ раз пацвярджае вядомую ісціну: рукапісы не гараць.
Алена Масцерава.