26 лютага астанкі вядомага беларускага пісьменніка і паэта, ураджэнца Лагойшчыны Змітрака Бядулі перавезлі з Казахстана ў Беларусь. Гэтай падзеі была прысвечана прэс-канферэнцыя, якая прайшла ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі Фонда Марыі Магдалены Радзівіл, які займаецца пытаннямі перапахавання, сын пісьменніка Яфім Плаўнік, супрацоўнікі музея.
Яфім Самуілавіч падзяліўся ўспамінамі пра той час, калі не стала бацькі. Гэта адбылося амаль 80 гадоў назад. Тады ён быў маленькім хлопчыкам, але і сёння памятае падрабязнасці пахавання таты на могілках ля Уральска – менавіта там у эвакуацыі не стала Бядулі.
Яфім Плаўнік расказаў, што сям’я 6 разоў спрабавала правесці перапахаванне. І на сёмы пры садзеянні фонда гэта атрымалася.
У нашу краіну прыбылі таксама элементы помніка, якія стаялі на магіле класіка. Іх перададуць музею. А ў Казахстане плануецца адкрыць мемарыяльны знак.
Калі і дзе пройдзе перапахаванне, пакуль вырашаецца. Вядома толькі, што гэта адбудзецца ў Мінску.
Змітрок Бядуля (сапраўднае імя Самуіл Яфімавіч Плаўнік) нарадзіўся 23 красавіка 1886 г. у в. Пасадзец Лагойскага раёна ў небагатай яўрэйскай сям’і. Вядомы як паэт, празаік, мовазнаўца, перакладчык.
Алена Масцерава.