Новости
Кампазіцыя гурта «Стары Ольса», у якім іграе лагайчанка, прагучала ў серыяле «Вікінгі»
главное
1744 дня(-ей) назад
2
4

Гістарычны серыял пра эпоху скандынаўскіх ваяроў выходзіць на міжнародным канале «History» з 2013 года, заваяваў вялікую папулярнасць у гледачоў ва ўсім свеце, мае высокі рэйтынг і шэраг прэстыжных узнагарод.

Мы папрасілі расказаць падрабязнасці Марыю Шарый, музыку з Лагойска, якая з 2008 г. з’яўляецца ўдзельніцай «Старога Ольсы».

 – Два гады назад падчас тура нашага гурта па ЗША музычны кіраўнік названага тэлесерыяла звязалася з намі праз Facebook. Асноўным запытам была камерная інструментальная музыка, блізкая да таго перыяду, які паказваецца ў фільме. Калі музычны супервайзер «Вікінгаў» Мікаэла Сіманс паслухала нашу мелодыю «Куранта» з альбома «Скарбы ліцвінаў: Рэнесанс», то была ў захапленні. У выніку яна прагучала ў 7-й серыі 6-га сезона на 28-й хвіліне ў сцэне купання княжны Кацярыны і дыялогу з князем Алегам. Кампазіцыя не з’яўляецца адным з галоўных саўндтрэкаў, гучыць фонам, для атмасферы.

Гэта мелодыя насамрэч пазнейшая за паказаны ў тэлесерыяле перыяд на 6 стагоддзяў. «Куранта» – з “Полацкага сшытку”, зборніка раннебарочнай музыкі 16-17 стагоддзяў. Для яе выканання «Стары Ольса» выкарыстоўвае лютню, лірападобныя гуслі "Славіша", альтовую флейту (сапілку).

https://youtu.be/lYbgDlhY8KA

Слухаць альбом: https://music.mediacube.network/Reniesans

Флейтыстка «Старога Ольсы» расказала таксама, што раней музыка гурта ўжо гучала на амерыканскім тэлебачанні:

– У студзені 2017 г. на тэлеканале «Nickelodeon» адбылася прэм'ера тэлешоу «Jagger Eaton's Mega Life» з нашым удзелам. Мы вучылі старадаўнім танцам вядучага праграмы, амерыканскую зорку скейтбордынгу Джагера Ітана.

Марыя паведаміла, што музыка «Стары Ольса» часта выкарыстоўваецца ў некамерцыйных праектах:

– Старадаўнюю беларускую музыку ў нашым выкананні можна пачуць у адукацыйных відэа, перадачах пра гістарычных асоб, рэлігійных выпусках, відэасюжэтах пра Беларусь (і не толькі), яна выкарыстоўваецца пры агучванні турыстычных маршрутаў і г. д. На жаль, аўтары такіх ролікаў не заўсёды пытаюцца пра дазвол на выкарыстанне музыкі. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Сёння «Стары Ольса» гучыць у “Падарожжах дылетанта” (раней выходзіў на тэлеканале СТБ, зараз толькі ў Інтэрнэце), у чырвоным турыстычным аўтобусе «Minsk City Tour» , на тэрыторыі інтэрактыўнага парку-музея «Сула».

Марыя Шарый расказала пра яшчэ адзін цікавы праект, у якім удзельнічаў гурт, і падзялілася яго бліжэйшымі творчымі планамі:

– Мы прынялі ўдзел у калядным спецпраекце «Падказкі», які рэалізоўвала кампанія «А1» сумесна з рэдакцыяй «Onliner». Кожную пятніцу ў снежні мінулага года выходзіла новая казка-падказка, якую агучвалі знакамітыя дыктары і акторы, ілюстравала Вольга Няснова, і дзе гучала музыка «Старога Ольсы». Усяго выйшла 5 казак.

Старонка праекта: https://sp.onliner.by/padkazki

Слухаць: https://soundcloud.com/stary-olsa-1/sets/0iflgvtu2a2l

У сакавіку «Стары Ольса» рыхтуе музычную лекцыю пра музыку Сярэднявечча і Рэнесансу ў Беларусі да Еўрапейскага дня старадаўняй музыкі, які адзначаецца рознымі канцэртамі і фестывалямі па ўсёй Еўропе.

https://vk.com/staryolsa_earlymusicday2020

https://www.facebook.com/events/288714315440993

Для даведкі: Гурт «Стары Ольса» ў мінулым годзе адзначыў 20-годдзе. За гэты час было выдадзена 10 студыйных альбомаў, 3 канцэртных і 1 аўдыёспектакль. Гурт займаецца рэканструкцыяй і папулярызацыяй музычных традыцый Вялікага Княства Літоўскага. Пры гэтым выкарыстоўваюцца максімальна дакладныя копіі старадаўніх інструментаў: дуда, колавая ліра, гуслі, шалмеі, сурма, ребек, лютня, цыстра, тромбамарына, барабаны і інш.

Алнеа Масцерава.