«Чароўную казку» ў мастацкай галерэі Сяргея Давідовіча стварылі вучні 3 «Д» і 5 «Г» класаў СШ № 1 г. Лагойска. На выставе з такой назвай прадстаўлены іх мастацкія работы, створаныя ў тэхніцы батык пад кіраўніцтвам педагогаў Алены Ніканюк і Святланы Мароз.
Вечарам 27 студзеня дзеці з настаўнікамі правялі прэзентацыю выставы, на якой дэманстравалі мульцікі «Околица» і «Рыжик», створаныя на аснове школьных малюнкаў, расказалі пра гісторыю ўзнікнення і развіцця тэхнікі батык, падарылі ўсім прысутным «рукавічкі дабрыні». Маленькія сувеніры павінны напамінаць людзям пра аднайменны праект па дапамозе бяздомным жывёлам.
У галерэі побач з малюнкамі па дыяфільме «Рыжик» устаноўлена скрынка з надпісам «Рукавічка дабрыні» для збору сродкаў, якія дзеці пад кіраўніцтвам дарослых завязуць у прытулак для бяздомных катоў і сабак.
Падтрымаць дзяцей на адкрыцці выставы прыйшлі настаўнікі, бацькі, дырэктар навучальнай установы Алена Шкецік і яе намеснік Марына Міклашэўская.
Паўдзельнічаць у дабрачынным праекце, атрымаць эстэтычныю асалоду ад шыкоўных дзіцячых карцін можна да 16 студзеня. Да таго ж, у гэтыя дні можна будзе пабываць на пазнавальным экскурсе «Падарожжа па зорным небе» і паглядзець на выставу майстроў «Зімовыя россыпы», набыўшы на ёй прыемныя навагоднія падарункі.
Алена Масцерава.