Мядовыя пернікі з карыцай, імбіром з’яўляюцца салодкім сімвалам калядных і навагодніх святаў. З дапамогай майстра-кулінара Святланы Мацецкай мы вырашылі самі паспрабаваць распісаць глазурай пернікавых снегавічкоў.
Крок першы: цеста. Аснову гатавала сама лагайчанка. Два гады назад яна знайшла рэцэпт у інтэрнэце і першы раз спякла пернікі на асенні кірмаш у дзіцячы садок, куды ходзіць дачушка Ганна. Фотаздымкамі атрыманага падзялілася ў інстаграме, і на наступны дзень да яе звярнулася дзяўчына з Масквы з просьбай спячы на заказ ажно 150 (!) пернікаў. Святлана згадзілася, тыдзень пякла, і 150 штук, акрамя аднаго, цэлыя даехалі ў расійскую сталіцу.
Гэты выпадак стаў пачаткам новай прафесіі. З цягам часу рэцэпты ўдасканальваліся, і цяпер адзін з іх выглядае так: растапіць на “вадзяной лазні” па 50 г мёду і сметанковага масла, усыпаць цукар (80 г), драбок солі, спецыі (па жаданні), добра перамяшаць, не кіпяціць. Крыху астудзіць масу і дадаць у яе 2 яйкі, потым 1/3 ч. л. соды, 220 г мукі. Гатовае цеста лепш пакінуць у халоднае месца на 2-3 гадзіны, а потым на пергаменце (сіліконе), прысыпаным мукой, раскатваць яго да таўшчыні каля 3 мм. Ад рукі ці пры дапамозе формачак выразаць фігуркі і выпякаць 10-15 хвілін пры тэмпературы 180 градусаў.
Крок другі: глазура. Цудоўным дапаможнікам для пачаткоўцаў у справе роспісу пернікаў з’яўляецца кніга Эдзі Спэнса «Мастацтва каралеўскай глазуры». Святлана раіць пачытаць «караля айсінгу», які ведае ўсе таямніцы беласнежнай глазуры (яе другая назва паходзіць ад англійскага слова “айс” – лёд). А робіцца яна наступным чынам: 3 бялкі, 500 г цукровай пудры, драбок лімоннай кіслаты ўзбіць міксерам на мінімальнай хуткасці 4-5 хвілін. Гатова! Па жаданні можна дадаць штучныя фарбавальнікі, пасыпкі. Не падыдзе сок з гародніны ці садавіны, які можа сапсаваць патрэбную кансістэнцыю. Гатовую глазуру неабходна накрыць харчовай плёнкай, зберагаць у халадзільніку да 3-х дзён.
Крок № 3: роспіс. Святлана не толькі выпякае пернікі, торты, але і праводзіць майстар-класы па роспісе глазурай.
– Мне вельмі падабаецца вучыць дзетак, – расказвае лагайчанка. – Менавіта ад іх атрымліваеш больш, чым аддаеш, і можаш сам многаму навучыцца. У нашым горадзе ёсць суполка ініцыятыўных жанчын «Мадам может», куды ўваходзяць аніматары, фларысты, парыкмахеры і іншыя актывісткі, з якімі мы ладзім дабрачынныя праекты. Нядаўна пабывалі ў Цэнтры паліятыўнай медыцынскай дапамогі, дзе правялі творчыя ўрокі. Мяне ўразіла тое, што невылечна хворыя хлопчыкі і дзяўчынкі, такія шчырыя і адкрытыя, мысляць іншымі катэгорыямі: яны думаюць не пра тое, колькі ім засталося жыць, а як правільна лінію правесці, які колер для пернічка падабраць. Пасля такіх сустрэч пачынаеш інакш глядзець на жыццё.
А ўвогуле, па словах Святланы, выпяканне пернікаў і іх роспіс даюць свабоду фантазіі, адапчынак ад цяжкіх думак і эмоцый. Нават калі даводзіцца займацца імі ноччу – не стамляешся, а, наадварот, адпачываеш.
Распісваць можна спецыяльнымі кандытарскімі кулькамі ці самастойна зробленымі (папера для выпякання скручваецца ў выглядзе конуса, востры кончык адразаецца). Спачатку абводзіцца контур дэталі (напрыклад, шалік снегавіка), які потым запаўняецца глазурай знутры. І так, крок за крокам, атрымліваецца каляровы пернік. Складана даць нейкія канкрэтныя парады па фарбаванні – усё пазнаецца ў працэсе. Галоўнае толькі пачаць.
Дарэчы, цудоўным падарункам ад Святланы Мацецкай стаў пернічны домік з надпісам «Родны край». І гэты не першы прыемны сюрпрыз, зроблены ёй у дзень правядзення майстар-класу ў рэдакцыі. Да нас яна прыехала з вёскі Косіна, дзе віншавала мясцовую жыхарку з юбілеем. Унучка вяскоўкі жыве ў далёкім горадзе Ніжневартаўску і заказала праз інтэрнэт для сваёй бабулі святочны торт і букет, зроблены фларыстам кветкавай крамы «Лаванда».
Алена МАСЦЕРАВА.