На базе ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта 14 – 15 снежня праходзіў фестываль “ТрЭК – 13”. У яго межах праводзіўся Чэмпіянат Беларусі па гульнях “Тройка” і “Эрудыт-квартэт”, а таксама этап юніёрскага Вялікага кубка Беларусі па “Што? Дзе? Калі?”.
Удзел у фестывалі ўзялі больш за 40 каманд з пяці абласцей Беларусі. Лагойск прадстаўлялі 2 зборныя.
У першы дзень вызначыліся паўфіналісты “Тройкі” і “Эрудыт-квартэта”, сярод якіх апынуўся і наш “Вялікі прайгравальнік”. Удзельнікі лагойскай каманды па выніках гульні “Што? Дзе? Калі?” падзялілі 3-е месца са зборнай Полацка – а гэта значыць, што назаўтра павінны былі згуляць у “перастрэлку”.
Адзінаццацікласнікі СШ № 1 г. Лагойска з каманды “Швах” хоць і не ўвайшлі ў дзясятку лідараў, але падчас “Што? Дзе? Калі?” часам адказвалі на самыя складаныя пытанні, з якімі якраз не справіліся будучыя пераможцы.
Другі дзень стаў самым складаным, барацьба была напружанай. У выніку “Вялікаму прайгравальніку” зусім крышку не хапіла да 3-га месца ў “Эрудыт-квартэце”. Затое ў фінале “Тройкі” бліскуча адказвалі Даніла Латош, Арцём Талмачоў і Лізавета Рудых, што прывяло каманду да золата ў гэтай гульні. Разам з Вітольдам Машчанковым, Паўлам Лашкевічам, Аляксеем Слонскім ім удалося таксама заваяваць бронзавы медаль у “перастрэлцы” па “Што? Дзе? Калі?”.
На цырымоніі закрыцця арганізатар фестывалю, намеснік дырэктара ліцэя БДУ, член беларускага тэлеклуба па “Што? Дзе? Калі?” Іван Тапчый уручыў “Вялікаму прайгравальніку” заслужаны кубак.
Трэнер каманды Вадзім Кузміч расказаў, што ў пачатку наступнага года лагойскіх інтэлектуалаў чакаюць выезды на такія буйныя турніры, як “Кубак Яраслава Мудрага” ў Брэсце і “Паверхі” ў Санкт-Пецярбургу.
А яшчэ ён напомніў пра дабрачынны “Калядны турнір”, які адбудзецца ў Лагойску 5 студзеня. На яго запрашаюцца ўсе жадаючыя.
Алена МАСЦЕРАВА.