Новости
Удзельніцы аматарскага аб’яднання «Залаты ўзрост» правялі восень
главное
1815 дня(-ей) назад
2
4

У Лагойскім цэнтры культуры і вольнага часу пад кіраўніцтвам Наталлі Гушчынай створана аматарскае аб’яднанне «Залаты ўзрост». Яго ўдзельніцы, жанчыны 60-80 гадоў, правялі тэматычна-гульнёвую праграму, прысвечаную заканчэнню восені.

Падчас яе 2 каманды па 6 чалавек змагаліся ў розных выпрабаваннях, сярод якіх такія феерычныя, што іх можна смела браць у капілку забаўляльных конкурсаў для навагодняга карпаратыву. Напрыклад, «Мандарынавы танцпол»: пакуль гучыць кадрыля, усе танцуюць, калі ж музыка спыняецца, камандзе трэба ўзяць мандарын і з’есці яго на хуткасць. Ці «Восеньскае атэлье», калі ўдзельнікам выдаецца 5 цалафанавых пакетаў, скотч, туалетная папера, нажніцы – з такога набору трэба змайстраваць сукенку і правесці дэфіле ў ёй. А на «Кінакастынгу» камандам неабходна «экранізаваць» на сцэне ўрыўкі з вядомых фільмаў. Лагайчанкі атрымалі заданні па такіх кінакарцінах, як «Девчата» і «Любовь и голуби».

Па словах Наталлі Гушчынай, падчас гэтых і іншых конкурсаў атрымліваюцца сапраўдныя шэдэўры, бо жанчыны сапраўды крэатыўна мысляць і маюць багатае ўяўленне. Таму не важныя месцы, якія занялі каманды, а важна тое, што і ўдзельніцы гульні, і гледачы, якія таксама актыўна выконвалі заданні, змаглі праявіць свае творчыя, інтэлектуальныя здольнасці, эрудыцыю і нават спрыт, як у конкурсе «Хто хутчэй збярэ назву кветкі».

Алена Масцерава.