Сёння 26 лістапада – а менавіта ў гэты дзень у 1930 г. у горадзе Орша нарадзіўся Уладзімір Караткевіч, беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст.
Яго называюць класікам і геніем беларускай літаратуры, які аказаў значны ўплыў на яе развіццё, увёўшы жанр гістарычнага дэтэктыву.
Славутага пісьменніка не стала 35 гадоў таму назад, аднак кнігі Уладзіміра Караткевіча працягваюць жыць сваім жыццём і займаюць пачэсныя месцы на паліцах бібліятэк.
Да Дня нараджэння аўтара ў Лагойскай дзіцячай бібліятэцы арганізавана тэматычная выстава з самымі папулярнымі яго кнігамі. Сярод іх “Чорны замак Альшанскі”, “Каласы пад сярпом тваім”, “Быў. Ёсць. Буду”, “Чазенія”, шыкоўнае нядаўна надрукаванае трохмоўнае выданне “Дзікае паляванне караля Стаха”.
Як адзначыла загадчыца дзіцячай бібліятэкі Кацярына Сіняк, чытачы могуць пазнаёміцца таксама з новымі асобнікамі Поўнага збору твораў Уладзіміра Караткевіча ў 25-ці тамах, з якіх на дадзены момант выйшла 17.
Шмат кніг з творчай спадчыны Уладзіміра Караткевіча можна знайсці і ў Лагойскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.
– У нас вядзецца рубрыка “Літаратурны каляндар”, – расказала загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ірына Глушакова. – У адным з яго раздзелаў пад назвай “Кнігі-юбіляры 2019 года” знаходзіцца кніга з раманам Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”. Ён быў напісаны ў 1979 г. – а гэта значыць, што сёлета яму споўнілася 40 гадоў.
Алена Масцерава.
Фота Кацярыны Сіняк.