Прадстаўнікі раённага літаб’яднання «Рунь» выступілі перад ваеннаслужачымі 7-га зенітнага ракетнага дывізіёна.
Тэрміновую службу ў Малінаўцы праходзяць маладыя людзі з розных куткоў Беларусі, таму тэма малой радзімы, з якой пачала выступленне Надзея Мядзелец, была вельмі актуальнай. Вершы пра дзяцінства, пранікнёныя радкі, прысвечаныя маме, лірычныя ўспаміны пра першае каханне салдаты слухалі з вялікай увагай. Надзея Якаўлеўна расказала ім пра свае зборнікі, падзякавала за тое, што выконваюць грамадзянскі доўг, і пажадала здароўя, плённай службы і шчасця на далейшым жыццёвым шляху.
Вольга Вярбіцкая звярнула ўвагу на тое, што кастрычнік насычаны святочнымі днямі, у якія аддаецца даніна павагі важным асобам у жыцці кожнага чалавека – настаўнікам, матулям, сталым людзям. Цаніць і паважаць іх заклікала аўтар, прачытаўшы таксама адзін са сваіх праграмных твораў «Лагайчанка». Зразумела, што яе вершы, прысвечаныя ваеннай тэматыцы, асабліва ўзрушылі слухачоў. Вольга Аркадзьеўна пажадала прысутным быць мэтанакіраванымі ў дасягненні ўсіх сваіх мар.
Алена Масцерава прачытала цыкл вершаў, прысвечаных прыроднаму календару, прыгажосці лагойскага наваколля і расказала пра дзейнасць літаб’яднання.
Намеснік камандзіра дывізіёна па ідэалагічнай рабоце маёр Чарнабабін Максім падзякаваў творцам за выступленне, адзначыўшы, што гэта не першая паэтычная сустрэча, і выказаў спадзяванне, што творчыя імпрэзы для ваеннаслужачых з удзелам прадстаўнікоў «Рунь» будуць ладзіцца і далей.
Алена Масцерава.