Новости
Вучні Лагойскай школы мастацтваў сталі прызёрамі рэспубліканскага конкурсу
главное
1850 дня(-ей) назад
2
4

У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў прайшоў ІІІ Рэспубліканскі фестываль-конкурс дзіцячага народнага песеннага мастацтва «Жывая крыніца».

У ім прымалі ўдзел вакальныя ансамблі і салісты з усіх куткоў Беларусі ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў. Прычым ансамблі не падзяляліся на ўзроставыя катэгорыі, і вучні музычных школ змагаліся нараўне з навучэнцамі каледжаў.

Фольк-гурт «ZAREV» з Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў выступіў з каляднай песняй «Го-го-го, каза» і разам з ансамблем танца «Росквіт» паказаў фрагмент вакальна-харэаграфічнай кампазіцыі «А на Йвана сонца йграе». Выступленне лагайчан было высока ацэнена, і дадому яны прыехалі з дыпломам лаўрэата ІІІ ступені і падарункамі, якімі арганізатары ўзнагародзілі кожнага ўдзельніка.

Дарэчы, нумар на тэму Купалля, у пастаноўцы якога прымалі ўдзел вышэйназваныя гурты, народны ансамбль «Лагожа», узорны ансамбль народнай песні «Валошкі», у кастрычніку прынёс першае месца на ХVІ абласным фестывалі народнай творчасці «Напеў зямлі маёй».  

– Нумар з’явіўся спантанна, – расказала кіраўнік фольк-гурта «ZAREV» Лізавета Губа. – Хацелася стварыць жывы, рэалістычны вобраз, дзе б выкарыстоўваўся не толькі голас і матывы народнай мелодыі, але і пластыка. Ідэя яго – паказаць, што народная музыка жыве не як асобная частка, яна ёсць тут і зараз. Мы стараліся захаваць усе дыялекты ў песні, перадаць настрой. Пры гэтым трэба было дасягнуць адкрытай, свабоднай манеры выканання, пры якой кожны тэмбр максімальна прыбліжаны адзін да аднаго, каб перадаць каларыт народнага гучання. 

З сольнымі нумарамі «Вяснянка» і «Ой, на горі, горі» выступіла Ксенія Варабей, якая займаецца і ў «Росквіце», і ў гурце «ZAREV». Па словах настаўніцы, вынік дзяўчынкі – паказчык не толькі таленту, але і сканцэнтраванай, стараннай працы, яе поспех заключаецца ў павазе і любові да свайго занятку. Ксенія з’яўляецца таксама лаўрэатам І ступені І-га адкрытага конкурсу-фестывалю вакальнага і інструментальнага мастацтва «Натхенне роднага краю», які праходзіў вясной гэтага года ў Барысаве. Талент Ксеніі быў адзначаны спецыяльным прызам членамі прафесійнага журы.

Алена Масцерава.