Асноўныя мерапрыемствы свята 2019 года прысвечаны 200-годдзю кампазітара Станіслава Манюшкі, таму своеасаблівым музычным прынашэннем юбіляру ад усіх аматараў і знаўцаў яго творчасці станецца вялікі канцэрт акадэмічнай музыкі “Нясвіж – крыніца натхнення Станіслава Манюшкі і яго аднадумцаў”, падрыхтаваны творчымі калектывамі Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. У рамках свята адбудзецца творчая сустрэча маэстра Фінберга і канцэрт “Год юбілею Станіслава Манюшкі”.
Творчыя калектывы Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі прадставяць свае новыя канцэртныя праграмы, у якіх прагучаць лепшыя ўзоры беларускай музыкі з ХІІ па ХХІ стагоддзе. Канцэрт “Рэлігійныя творы айчынных майстроў” адбудзецца ў Нясвіжскім Касцёле Божага Цела, канцэрт “Музыка беларускіх палацаў” – у Тэатральнай зале Палацавага ансамбля г. Нясвіжа.
У Нясвіжскім цэнтры культуры адкрыецца мастацкая выстава работ з фонду Міжнароднага конкурсу-пленэру юных мастакоў імя Міхаіла Сеўрука “Краявіды Нясвіжа вачыма дзяцей”.
Па традыцыі ў першы дзень нясвіжскай імпрэзы Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь тэатра імя Уршулі Радзівіл Нясвіжскага раённага цэнтра культуры пакажа камедыю па п’есе Ж.Б.Мальера “Ён мужык, а яна паненка”.
Завершыцца музычная акцыя ў Нясвіжскім цэнтры культуры гала-канцэртам “Новае ў Нясвіжы” ў выкананні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі.