У IV Міжнародным конкурсе-фестывалі мастацтваў “Музыки свет” прымалі ўдзел не толькі дзяўчаты з Плешчаніц, пра якіх мы нядаўна пісалі на старонках газеты. На гэтым мерапрыемстве з творчымі нумарамі таксама выступалі дзеці, якія займаюцца пры Чудзеніцкім Доме культуры разам з кіраўніком гуртка Анастасіяй Мукавозчык. І прывезлі юныя артысты са сталічнай конкурснай сцэны тры дыпломы.
Выхаванцы Анастасіі ўдзельнічалі ў трох розных намінацыях. Так, дзевяцігадовая вучаніца Астрошыцкай СШ Валерыя Рахоўская выступала ў намінацыі “Мастацкае слова”. Дзяўчынка чытала апавяданне Дональда Бісета “Імбірнае пячэнне”. І не проста выразна перадавала змест напамяць, але і майстэрскі пераўвасаблялася ў персанажаў твора. Трэба сказаць, што ў гэтай, як аказалася, няпростай намінацыі журы нікому не аддало першае месца, а ўладальніцай дыплома лаўрэата II ступені стала менавіта Валерыя.
Свае здольнасці ў самай шматлікай намінацыі “Эстрадны вакал” на конкурсе дэманстравала чатырнаццацігадовая Дзіяна Паўлоўская. Дзяўчына выконвала песню “Маці-Зямля”. Гэта быў да дробязей прадуманы нумар, прысвечаны роднаму краю, у якім спявачка ў нацыянальным касцюме выступала разам з харэаграфічным дуэтам. Дзіяна ўпершыню ўдзельнічала ў падобным мерапрыемстве, а яе вынік стаў выдатным: званне лаўрэата II ступені.
Вакальна- харэаграфічная група “Сябры”, якая таксама дзейнічае пры Чудзеніцкім ДК, прывезла на “Музыки свет” творчы нумар “Марачка”, пабудаваны на аснове аднайменнай вядомай песні Алега Газманава. Рухавы, яскравы нумар, якому цалкам адпавядалі касцюмы і настрой пастаноўкі, быў ацэнены журы дыпломам III ступені. А ў якасці падарунка калектыў атрымаў сертыфікат на бясплатны ўдзел у II Міжнародным конкурсе мастацтваў “На крыльях лета в Болгарии-2019”, які пройдзе ў жніўні гэтага года.
Трэба адзначыць, што падзячным лістом была ўзнагароджана і сама Анастасія Мукавозчык за высокапрафесійную падрыхтоўку лаўрэата конкурсу і плённае супрацоўніцтва ў вобласці дзіцячай і маладзёжнай творчасці ў Беларусі. Сама ж Анастасія Міхайлаўна кажа, што гэтыя поспехі былі б немагчымы без жадання дзяцей развівацца і вучыцца новаму, без падтрымкі бацькоў, якія суправаджалі на конкурс, без зацікаўленасці Лагойскага РЦКА і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама без фінансавай падтрымкі мясцовых прадпрыемстваў. Усім, хто меў дачыненне да агульнай справы, у Чудзеніцкім ДК вельмі ўдзячны.
Таццяна Крэнь.