Некалькі разоў быў знішчаны ворагамі. Асабліва бязлітасна Лагойск зруйнавала ў 1505 г. татарская арда крымскага хана Махмет-Гірэя. Замак быў разбураны, Багаяўленская царква з праваслаўным манастыром — спалены, амаль усё насельніцтва знішчана...
На працягу доўгага часу Лагойскам валодалі князі з роду Тышкевічаў. У 1814-1819 гг. на правым беразе ракі Гайна быў пабудаваны іх двухпавярховы палац. Заснавальнікі беларускай навуковай археалогіі і этнаграфіі браты Канстанцін і Яўстафій Тышкевічы ад-крылі тут першы ў Беларусі гісторыка-археалагічны музей.
Пасля рэвалюцыі жыхары Лагойска перажылі дзве кароткачасовыя акупацыі: спачатку ў 1918 г. – нямецкую, а затым амаль год, з жніўня 1919 г. — польскую. Гісторыкі адзначаюць, што белапалякі падчас адступлення спалілі ў Лагойску млын і мост цераз Гайну, які зноў быў адбудаваны ў 1920-м.
Пасля гэтага тут надоўга ўсталявалася савецкая ўлада, кіруючыя органы якой размяшчаліся ў графскім палацы.
Лагойскі раён быў створаны ў жніўні 1924 г. падчас правядзення раяніравання Мінскай вобласці і складаўся з 10 сельсаветаў.
У 1928 г. краязнавец В. Самцэвіч, які працаваў настаўнікам у Лагойску, надрукаваў у часопісе “Наш край” пад рубрыкай “Матэрыялы з месц” артыкул “М. Лагойск”. Там аўтар прыводзіць цікавыя звесткі пра Лагойск таго часу. Там жа даецца план райцэнтра (на здымку). Цяперашнія жыхары горада могуць параўнаць стары Лагойск з сённяшнім і адзначыць перамены, якія адбыліся амаль за стагоддзе.
Мястэчка на той час было невялікае: згодна з усеагульным перапісам 1926 г. тут “налічваецца 349 двароў з насельніцтвам 1776 чалавек. Будынкаў у мястэчку — 695, з іх драўляных — 681, каменных — 14, крытых саломай — 241, гонтам — 450, жалезам — 4”. Па нацыянальным складзе насельніцтва раз-мяркоўвалася так: яўрэяў – 1014, беларусаў — 712, палякаў — 34, рускіх — 4, іншых — 12. Для параў-нання: сёння ў Лагойску налічваецца каля 12,7 тыс. жыхароў.
На старым плане сучасная Цэнтральная плошча горада мае назву Чырвоная. У цэнтры яе стаяў драўляны будынак з шыльдай “кааператыў”, дзе гандлявалі рознымі таварамі. Вакол яго праводзіліся кірмашы і знаходзіліся гандлёвыя крамы.
Насупраць, цераз дарогу ў напрамку Зялёнага Луга, раней стаяла карчма, дзе можна было выпіць чарку гарэлкі. Вулі-цы каля плошчы засялялі пераважна яўрэйскія сем”і. Яны ў асноўным займаліся гандлем ці былі служачымі, таму на плане бачна, што вялікіх зямельных надзелаў каля іх дамоў не было. Каля пло-шчы знаходзіліся будынкі сінагогі, недалёка ад таго месца, дзе сёння размяшчаецца райвыканкам.
Трэба адзначыць, што на плане Лагойск знаходзіцца ў лагчыне на правым беразе Гайны, а на левым быў касцёл і рэдкія пабудовы, у тым ліку і пошта, абазначаная назвай “жыр”. Беларусы і палякі жылі на ўскраінах — на карце пункцірнай лініяй паказаны межы іх зямельных надзелаў. Яны займаліся ў асноўным сельскай гаспадаркай.
У 1938 г. Лагойск атрымаў статут гарадскога пасёлка. На Замкавай гары да вайны яшчэ стаяў палац Тышкевічаў, у якім знахо-дзіліся райкамы партыі і камсамола, міліцыя. Немцы пры адступленні нанеслі палацу вялікія пашкоджанні, а пасля вайны тое, што ад яго засталося, не змаглі зберагчы.
Як і стагоддзі назад, праз горад працякае рака Гайна, якая бярэ пачатак у вёсцы з аднайменнай назвай. Раней на ёй быў млын — вада сваёй сілай круціла яго кола. Глыбіня ракі мянялася ад 2 да 5 метраў, было многа віроў і вадзілася шмат рознай рыбы — не параўнаць з цяперашняй. На жаль, Гайна абмялела. А раней па ёй і Беразіне сплаўлялі лес да Барысава на запалкавую фабрыку.
У межах горада ў Гайну ўпадае ручай, які ў літаратуры іншы раз называецца Вапінец (Вапеннік). Назва атрымалася ад таго, што вясной вада вымывала камяні-вапнякі, з якіх людзі здабывалі вапну. Лагайчане сёння яго называюць Лапенец – відаць, гэта назва больш спадабалася і прыжылася. Правы бераг Гайны мае шмат крыніц з чыстай сцюдзёнай вадой. Некалькі з іх выцякае з-пад гары, на якой стаіць Свята-Мікалаеўская царква. Сюды людзі здалёк прыязджаюць за святой вадой.
Сучасны Лагойск набыў вядомыя нам рысы пасля Вялікай Айчыннай вайны. У ліпені 1944 г. пры адступленні немцамі было спалена многа дамоў, асабліва ў цэнтры. Пасля вайны горад стаў адбудоўвацца, цэлыя вуліцы з’явіліся на левым беразе Гайны. На месцы былых палёў і лясоў узняліся новыя гарадскія кварталы. Сёння межы Лагойска значна пашырыліся. Сучасны горад расце і прыгажэе.
Аляксандр Паўлюковіч.