Мая малая радзіма. Мая — таму што я тут нарадзілася. Малая – бо гэта часцінка з сотні тысяч часцінак нашай роднай любай Беларусі.
Я нарадзілася і вырасла ў прыгожай мясціне – у в. Вішнёўка Мінскага р-на.
Хоць побач была сталіца Беларусі, але душа мая адданая вёсцы. Амаль усе канікулы я праводзіла ў сваёй роднай цёткі Ядзі, якой, на жаль, ужо няма з намі: пайшла з жыцця шмат гадоў таму, як і мая матуля. Цётка жыла ў вёсцы Дамашы Лагойскага раёна, туды я і ездзіла. Як прыемна было паспаць на духмяным сене на сенавале, папіць ранкам свежага малачка-сырадою. Многія зараз мабыць і не ведаюць, што гэта такое…
Але галоўнае, дзеля чаго я ехала да цёткі, – гэта былі коні, мая любоў на ўсё жыццё. Як было хвацка праехаць на кані без сядла і аброці галопам або рыссю, калі дазвалялі дарослыя, адагнаць жывёлу на пашу пасля працоўнага дня. Таму, калі скончыла школу, у мяне не было вагання, куды пайсці – у сельскую гаспадарку. Атрымала спецыяльнасць агранома і накірунак на працу ў Лагойскі раён у саўгас “Гайна”. Тут я выйшла замуж, тут нарадзіліся мае дзеткі.
Гайна
Такая вёска ёсць на рэчцы Гайне,
Дзе водзіцца шмат рыбы і баброў.
Бабры зубамі, бы пілой, тут валяць дрэвы.
Хаціны іх стаяць, як сцірты дроў.
Тут людзі працавітыя і ўсюды,
Куды ні глянь — прыгожыя сады.
Шмат кветак мае кожны агародчык,
А кожны дом – людское дабраты.
Нядоўга тут жыла і працавала,
Але сустрэла добрых шмат людзей:
І Вера, й Галя, і Святлана,
І Віцька паміж іх, як дабрадзей.
Тут конь Малыш і матацыкл «мінскі»,
Машыны «ЗІЛ», і « ГАЗік», і «УАЗ»,
І трактары — асвоіла ўсё я,
Хаця правоў не маю «першы клас»…
Цяпер, здаля, па-іншаму мне бачна
Маё жыццё, жыццё маіх сяброў.
І вёска Гайна над ракою Гайнай,
Што праз гады мяне ўсё кліча зноў!
Хоць нарадзілася я не на Лагойшчыне, але ўспаміны дзяцінства, пражытае заўжды будуць у маёй памяці.Тут прайшла мая маладосць, тут сустрэла шмат сяброў і сябровак. Тут засталася часцінка маёй душы.
Зараз жыву ў Лідзе, недалёка ад мясцовага замка, і вельмі гэтым ганаруся. Гэта горад са сваёй шматвяковай гісторыяй, у якім жывуць і працуюць таксама таленавітыя, добрыя і адкрытыя людзі.
За сваё жыццё шмат дзе пабывала, пабачыла розныя краіны, але хачу сказаць, што наша Беларусь — самая прыгожая, самая жаданая сэрцу, таму што тут мы нарадзіліся, тут нашы карані. Тут ёсць і працягвае жыць мая, хай і малая, у параўнанні з вялікай краінай – радзіма.
Людміла Краснадубская.